Дата дня
1776 — прынятая Дэклярацыя незалежнасьці Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Таксама ў гэты дзень
1610 — Бітва пры Клушыне (Смаленшчына). Разьбіўшы войскі Дзьмітрыя Шуйскага, гетман польны каронны Станіслаў Жалкеўскі падступіўся да Масквы, дзе тым часам цар Васіль Шуйскі быў зрынуты з пасаду і было праведзена абраньне каралевіча Уладзіслава, у выніку Жалкеўскі быў упушчаны ў Маскву з каронным войскам.
1848 — выйшаў у сьвет «Камуністычны маніфэст» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса.
1950 — першай перадачай у эфір выйшла радыёстанцыя «Свабодная Эўропа».
1954 — у Менску ўрачыста адкрылі помнік-абэліск на плошчы Перамогі.
2008 — выбух у Менску падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці. Пацярпелі каля 50 чалавек, па абвінавачаньні ва ўчыненьні выбуху ў 2011 годзе быў асуджаны Дзьмітры Канавалаў (і за неданясеньне Ўладзіслаў Кавалёў), якіх расстралялі ў 2012 годзе.
2012 — прайшла акцыя супраць парушэньня свабоды слова ў Беларусі, якая ў СМІ атрымала назву «Плюшавы дэсант». Двое швэдзкіх пілётаў на аднаматорным самалёце скідалі на парашуціках над Менскам і Івянцом цацачных мядзьведзікаў з таблічкамі і надпісамі на іх. Усяго скінулі 879 штук.
У гэты дзень нарадзіліся
1807 — Джузэпэ Гарыбальдзі, народны герой Італіі, лідэр змаганьня за незалежнасьць і аб’яднаньне краіны (Risorgimento).
1902 — Мэер Ланскі, ураджэнец Горадні, адзін з самых знакамітых босаў амэрыканскай мафіі.
1904 — Анатоль Альшэўскі, публіцыст, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, ахвяра сталінізму.
1922 — Вадзім Круталевіч, беларускі праўнік, гісторык, сацыёляг.
1926 — Іван Здановіч, беларускі мовазнавец і краязнавец на Пружаншчыне.
У памяці
1826 — Томас Джэфэрсан, амэрыканскі палітычны і грамадзкі дзеяч, аўтар Дэклярацыі незалежнасьці ЗША, трэці прэзыдэнт ЗША.
1848 — Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян, францускі пісьменьнік, адзін з заснавальнікаў эўрапейскага рамантызму.
1934 — Марыя Складоўская-Кюры, выдатная француская вучоная польскага паходжаньня, фізык і хімік, дасьледніца радыяактыўнасьці, двойчы ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі.