«Сёньня, на так званай „лініі Сталіна“ рэжымным акторам загадалі „ўзнавіць“ акт генацыду падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці. Гэты дзень павінен асацыявацца са свабодай, годнасьцю і роўнасьцю. Але дыктатура лічыць натуральным прапагандаваць гвалт і сьмерць. Шчыра кажучы, гэта зусім не падобна да захаваньня гістарычнай памяці і павагу да ахвяраў фашызму», — заявіла Ціханоўская.
На думку Ціханоўскай, памяць пра вайну — гэта найперш павага да ахвяраў і напамін пра тое, якой цаной Беларусь здабыла свабоду і мір, а «цынічныя пастаноўкі перакручваюць і абясцэньваюць беларускую трагедыю часоў Другой сусьветнай вайны», якая «павінна заставацца ў гісторыі Беларусі як папярэджаньне пра тое, да чаго прыводзіць нянавісьць і гвалт, а не як сюжэт для чарговага спэктакля дыктатуры».
«Рэжым і ягоныя памагатыя ператвараюць боль і пакуты мільёнаў людзей у спэктакль. З аднаго боку — мізэрная дапамога вэтэранам, а зь іншага — мільёны рублёў на парады і канцэрты праўладных артыстаў», — адзначыла беларуская дэмакратычная лідэрка.
На думку Ціханоўскай, рэжым Лукашэнкі ператварае само азначэньне «патрыятызм» у адзін з асноўных складнікаў прапаганды.
«Замест таго, каб будаваць будучыню на падмурках павагі і міру, рэжым эксплюатуе самыя балючыя старонкі нашай гісторыі і культывуе вайну паўсюль. Дзяцей прымушаюць езьдзіць на „вайскова-тактычныя зборы“, вучаць разьбіраць ды зьбіраць аўтаматы. І ўсё гэта — на фоне жахлівай вайны ва Ўкраіне», — адзначыла яна і падкрэсьліла, што вельмі важна памятаць ахвяраў вайны, але «рабіць гэта з павагай і годнасьцю».
- 3 ліпеня ў Беларусі прайшлі сьвяткаваньні з нагоды афіцыйнага «Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь» (Дня Рэспублікі). Традыцыйны парад у Менску завяршыўся так званым «масавым тэатралізаваным эпізодам», прысьвечаным 80-гадоваму юбілею вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
- З 1991 году Дзень Незалежнасьці ў Беларусі адзначаўся 27 ліпеня — менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, якой 25 жніўня 1991 году быў нададзены статус канстытуцыйнага закону (гэта азначала абвяшчэньне незалежнасьці дэ-юрэ). У выніку ініцыяванага Лукашэнкам 24 лістапада 1996 году рэфэрэндуму, які міжнародная супольнасьць не прызнала легітымным, Дзень Незалежнасьці быў перанесены на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі ў 1944 годзе.