У Флорыдзе арыштавалі грамадзяніна Беларусі Кірылу Гардзея праз абвінавачаньне ў змове з мэтай зьдзяйсьненьня злачынстваў супраць ЗША, у кантрабандзе з ЗША і ў пастаўцы ў Расею тавараў, якія патрабуюць камэрцыйнага кантролю і адмысловага дазволу.
«Гардзей падмануў рэгулятары экспарту ўраду ЗША і кантрабандай перадаваў перадавыя навуковыя тэхналёгіі расейскім кліентам, ставячы асабістую выгаду вышэй за нацыянальную бясьпеку», — сказаў памочнік генэральнага пракурора Мэт'ю Олсэн з аддзела нацыянальнай бясьпекі Міністэрства юстыцыі.
Ён падкрэсьліў, што «Міністэрства юстыцыі будзе выкарыстоўваць усе даступныя інструмэнты, каб разбурыць незаконныя ланцужкі паставак, якія выкарыстоўваюць для незаконнай перадачы складаных тэхналёгій у Расею і іншыя варожыя дзяржавы».
Згодна з паведамленьнем Міністэрства юстыцыі ЗША, Кірыла Гардзей зьяўляецца кіраўніком транспартна-экспэдытарскай кампаніі Apelsin Logistics (Apelsin), разьмешчанай у Халандэйл-Біч, штат Флорыда. Кампанія таксама мае адрас у Расеі і два вэб-сайты, зарэгістраваныя і разьмешчаныя ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць некалькіх беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў і фізычных асоб«Гэты выпадак падкрэсьлівае важнасьць узмацненьня экспартнага кантролю, асабліва ў дачыненьні да адчувальных тавараў з Сьпісу кантраляванага гандлю, які ўключае тэхналёгіі, жыцьцёва важныя для навуковага і прамысловага прагрэсу. Наш офіс будзе прыцягваць да адказнасьці тых, хто спрабуе абысьці законы ЗША ў асабістых або камэрцыйных мэтах, асабліва калі такія дзеяньні маюць магчымыя наступствы для глябальнай бясьпекі», — заявіў выканаўца абавязкаў пракурора ЗША Джошуа Леві па акрузе Масачусэтс.
У абвінаваўчым заключэньні адзначаецца, што Кірыла Гардзей у часе сьледзтва сьцьвярджаў, што спэктромэтар Orbitrap Exploris GC 240 (прылада, якая забясьпечвае высокую якасьць і ўнівэрсальнасьць дадзеных для паскарэньня навуковых адкрыцьцяў у акадэмічных і прамысловых дасьледаваньнях) пастаўляў ва Ўзбэкістан, хоць ён, па сутнасьці, прызначаўся для Расеі.
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году ў ЗША ўвялі шэраг строгіх захадаў экспартнага кантролю, якія абмяжоўваюць доступ Расеі да тэхналёгій і іншых прадметаў, неабходных ёй для падтрыманьня нападу на Ўкраіну. Спэктромэтар, цана якога перавышае 600 тысяч даляраў, уключылі ў сьпіс кантраляванага гандлю, і, адпаведна, для яго экспарту ў Расею патрэбна адмысловая ліцэнзія Бюро прамысловасьці і бясьпекі (BIS).
Калі суд прызнае Кірылу Гардзея вінаватым, яму пагражае максымальнае пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі за змову, да 20 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у 250 000 даляраў за незаконны экспарт, да 10 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у 250 000 даляраў за кантрабанду тавараў са Злучаных Штатаў.
Паведамляецца, што справу беларуса будзе разглядаць Фэдэральны суд Бостана ў штаце Масачусэтс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заявілі, што краіны G7 не размарозяць расейскіх актываў, пакуль Расея не аплаціць шкоду, якую нанесла Ўкраіне