Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дакумэнт ужо апублікаваны на сайце pravo.by, ён набыў моц.
Законапраект быў прыняты ў двух чытаньнях Палатай прадстаўнікоў 30 траўня. Савет Рэспублікі 20 чэрвеня ўхваліў праект закону «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», паведамляе прэс-служба верхняй палаты Нацыянальнага сходу.
Як паведамлялася, амністыя будзе прыменена да 7850 асуджаных.
Прадугледжваецца, што ад пакараньня цалкам вызваляць 2090 чалавек, з 800 асоб здымуць неадбытую частку ўмоўнага пакараньня, з 40 — пакараньне ў выглядзе арышту.
Для 260 чалавек прадугледжана замена пазбаўленьня волі на «больш мяккае пакараньне» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), 4550 асобам тэрмін пакараньня будзе скарочаны на 1 год.
Умовай для прымяненьня амністыі названыя «поўнае пакрыцьцё шкоды, прычыненай зьдзейсьненым злачынствам, станоўчая характарыстыка асобы ў пэрыяд адбываньня пакараньня».
2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных з палітычных матываў у Беларусі неўзабаве могуць выйсьці на волю. Гаворка найперш пра цяжкахворых (перш за ўсё на анкалёгію) асуджаных у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.
«Не зьдзіўляйцеся, калі празь некалькі дзён на волю выйдуць „вельмі цяжкахворыя“, як пішуць, нашы, якія не пасьпелі зьбегчы і знаходзяцца ў месцах не такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваньнямі», — сказаў Лукашэнка.
Паводле стану на 3 ліпеня, у Беларусі 1409 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, пры гэтым рэальная колькасьць асуджаных з палітычных матываў можа быць большай.
Некаторыя палітвязьні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым неабходнай мэдычнай дапамогі яны, як правіла, не атрымліваюць. Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня, праваабаронцам вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы, сярод іх — 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 254 палітвязьні знаходзяцца ў асаблівай рызыцы за кратамі. Блінкен і Ціханоўская заклікалі іх вызваліцьКаго датычыць закон?
- цяжарных жанчын;
- жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, за выключэньнем тых, хто ўчыніў наўмыснае злачынства ў адносінах да непаўналетняга;
- асоб, якія дасягнулі агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту;
- інвалідаў І і ІІ групы;
- асоб, хворых на сухоты і аднесеных да IА, IIА, III групаў дыспансэрнага назіраньня;
- асоб, хворых на анкалягічныя захворваньні другой, трэцяй, чацьвёртай клінічных груп;
- ВІЧ-інфікаваных з 3-й і 4-й стадыямі захворваньня паводле клінічнай клясыфікацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя;
- грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый;
Законапраект прадугледжвае скараціць на 1 год тэрмін пакараньня шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненьне «забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое прывяло да сьмерці без абцяжлівых для адказнасьці прыкмет», а таксама непаўналетнім, жанчынам, адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналягаў».
Таксама дакумэнт дазваляе амніставаць асуджаных паводле ч. 1 арт. 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») і ч. 1 і 2 арт. 350 («Зьнішчэньне, блякаваньне або мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі») КК.
Адзначаецца, што «для асуджаных на пакараньне ў выглядзе грамадзкіх работ, папраўчых работ, іншыя меры крымінальнай адказнасьці амністыя будзе прымяняцца толькі да асоб, якія на працягу ня менш як трох месяцаў, якія папярэднічаюць ёй, працуюць, навучаюцца або займаюцца іншай дзейнасьцю, пры ажыцьцяўленьні якой асоба лічыцца занятаю ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб занятасьці насельніцтва».
Акрамя гэтага, дзеяньне законапраекту прапануецца распаўсюдзіць на асоб, якія былі асуджаныя за «арганізацыю і (або) выкарыстаньне занятак прастытуцыяй або стварэньне ўмоў для занятку прастытуцыяй», «уцягваньне ў занятак прастытуцыяй або прымус да працягваньня занятку прастытуцыяй», а таксама на асуджаных за «злоўжываньне ўладай, бязьдзеяньне ўлады або перавышэньне ўлады, за выключэньнем «асоб, якія ўчынілі злачынства з карысьлівай або іншай асабістай зацікаўленасьці».
Дакумэнт прадугледжвае яшчэ некалькі палажэньняў, якія даюць магчымасьць зьмякчыць пакараньне, у тым ліку за злачынствы, якія «не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі».
Пры гэтым улады падкэсьлівалі, што «да асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», амністыя прымяняцца ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загаварыў пра магчымае вызваленьне некаторых беларускіх палітвязьняў11 студзеня на нарадзе аб удасканаленьні заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці Аляксандар Лукашэнка заявіў, што імаверная амністыя 2024 году «павінна мець адрозьненьні» ад папярэдніх, падтрымаўшы прапанову МУС, якая фактычна пазбаўляе асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах магчымасьці трапіць пад яе.
«Намі было прапанавана: экстрэмісты і тэрарысты, якія асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, — да іх амністыю не прымяняць. Нашу прапанову падтрымалі», — адзначыў па выніках сустрэчы кіраўнік МУС Іван Кубракоў.
Пасьля масавых пратэстаў, якія разгарнуліся ўсьлед за фальсыфікаванымі выбарамі прэзыдэнта ў 2020 годзе, Беларусь заліла хваля рэпрэсій. Улады актыўна выкарыстоўваюць крымінальныя артыкулы аб экстрэмізьме і тэрарызьме для барацьбы з апанэнтамі.
З 2020 году ў «сьпіс экстрэмістаў» уключана больш за 4 тыс. чалавек, у «сьпіс тэрарыстаў» КДБ унёс больш за 400 прозьвішчаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судаленка пра новую амністыю: «Гэта дэманстрацыя няздольнасьці ўлады да дыялёгу з грамадзтвам»