Нямецкі і польскі лідэры ў аўторак узгаднілі плян дзеяньняў дзеля барацьбы ня толькі зь мінулымі крыўдамі — такімі як рэпарацыі за Другую ўсясьветную вайну — але і зь бягучымі праблемамі, такімі як абаронная палітыка і незаконная міграцыя.
Канцлер Оляф Шольц і група міністраў наведалі Варшаву для ўрадавых кансультацый. Аднак у дакумэнце няма ніякіх канкрэтных лічбаў адносна ваенных рэпарацый або ваеннай дапамогі, адзначае агенцтва dpa.
Папярэдні ўрад Польшчы, які кіраваў краінай з 2015 па 2023 год і быў сфармаваны нацыяналістычна-кансэрватыўнай партыяй «Права і справядлівасьць» (PiS), патрабаваў ад ФРГ рэпарацый на агульную суму 1,3 трыльёна эўра. Цяпер, калі абедзьве краіны маюць левацэнтрысцкія ўрады, двухбаковыя адносіны пачынаюцца па-новаму. Урадавыя кансультацыі, напрыклад, сталі першымі перамовамі зь лістапада 2018 году.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заяўляў, што чакае ад Нямеччыны матэрыяльнай і маральнай кампэнсацыі за шкоду, нанесеную падчас ІІ усясьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыярытэтам для Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы стане барацьба з уплывам Беларусі і РасеіУ пляне дзеяньняў адзначаецца:
«Урады дзьвюх краін вядуць інтэнсіўны дыялёг аб захадах падтрымкі тых, хто быў ахвярай нямецкай агрэсіі і акупацыі ў 1939–1945 гг., дзеля памяці і бясьпекі».
У якасьці чарговага праекту прымірэньня называецца будаўніцтва нямецка-польскага дому ў Бэрліне. Дом прызначаны для ўвекавечаньня складанай нямецка-польскай гісторыі і жорсткай нямецкай акупацыі з 1939 па 1945 гг., а таксама для стварэньня месца памяці польскіх ахвяр. Шольц асобна заявіў, што Нямеччына не ўнікае сваёй гістарычнай адказнасьці за тыя падзеі, яго цытуе агенцтва PAP.
Шольц накіраваўся ў Польшчу з 12 фэдэральнымі і зямельнымі міністрамі. Паводле ўрадавых крыніцаў у Бэрліне, кансультацыі павінны даць «моцны імпульс» добрасуседзкім адносінам. Значная частка 40-старонкавага пляну мерапрыемстваў прысьвечана тэматыцы актуальных праблем абароны краін.
Пасьля перамоваў Туск і Шольц правялі прэс-канфэрэнцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск: Эўразьвяз дапаможа стварыць лінію абароны на мяжы зь Беларусьсю і РасеяйШто сказалі пра Беларусь?
Польшча і Нямеччына — ахвяры «хвалі міграцыі, арганізаванай Пуціным і Лукашэнкам», заявіў прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск на сумеснай зь нямецкім канцлерам Оляфам Шольцам прэс-канфэрэнцыі 2 ліпеня ў Варшаве.
Па словах Туска, якія прыводзіць Rzeczpospolita, польская мяжа «штодня зазнае напады», а мэта нелегальных мігрантаў — Нямеччына.
«І Польшча, і Нямеччына зацікаўленыя ў поўнай каардынацыі сваіх абаронных намаганьняў», — падкрэсьліў польскі прэмʼер.
«Уся Эўропа, уключаючы Нямеччыну, але Польшча асабліва схільная да пэўных рызык з прычын геаграфіі і таго факту, што ў нас такая доўгая мяжа пад моцным ціскам як з Расеяй, так і зь Беларусьсю і Ўкраінай, якая ваюе», — дадаў кіраўнік ураду Польшчы.
Пытаньні процідзеяньня нелегальнай міграцыі і гарантаваньня бясьпекі патрабуюць «скаардынаваных і сумесных дзеяньняў», адзначыў ён.
Польшча, сябра ЭЗ і NATO, — адзін з найбольш адданых палітычных і ваенных прыхільнікаў Украіны, у той жа час яна мяжуе з Украінай і хаўрусьнікам Расеі Беларусьсю, падкрэсьліваюць журналісты. У дакумэнце гаворыцца:
«Мы будзем умацоўваць узаемадзеяньне і стандартызацыю нашых абаронных магчымасьцяў, павялічваць вытворчыя магутнасьці і спрыяць укладаньням у нашу абаронную прамысловасьць».
У прыватнасьці, гаворка ідзе аб разьвіцьці сумесных ініцыятыў у галіне вытворчасьці танкаў і боепрыпасаў, у тым ліку аб павелічэньні даступнасьці запасных частак для баявых танкаў «Леапард», якія абедзьве краіны пастаўляюць ва Ўкраіну.
6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, на вайскоўца напаў мігрант, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Польшчы: Зь беларускага боку мяжы дзейнічаюць не мігранты, а орды бандытаў