Усяслаў Брачыславіч кіраваў Полацкім княствам у XI стагодзьдзі. Ягоная постаць засталася ў летапісах і беларускім фальклёры: гэта той самы князь-ваўкалак, які стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці. Містычны і авантурны герой свайго часу, які праз паразы і выгнаньні нязьменна працягваў гульню па сваіх правілах, ішоў да мэтаў і верыў у посьпех — такое апісаньне дае Signal project муралу.
«А яшчэ менавіта ён распачаў будаўніцтва Сафійскага сабора — сымбаля палітычнай самастойнасьці нашых земляў. На мурале Ўсяслава Чарадзея суправаджаюць сокал, воўк і чорны кот. Сокал у народнай традыцыі сымбалізуе сонца, перамогу і ўладу. Воўк асацыюецца са свабодай, а кот у беларускім фальклёры зьвязаны зь містычным сьветам. Цікава, што Ўсяслаў Брачыслававіч паходзіў з вараскага роду, а менавіта вікінгі прывезьлі катоў на нашыя землі зь Бізантыі», — працягваюць аўтары праекту.
На карціне герой трымае ў руках зіхоткую расьлінку. Мурал паўстаў у купальскі пэрыяд, таму гэта можа быць тая самая папараць-кветка, якая дае здольнасьць разумець мову жывёлаў і дорыць шчасьце.
Аўтарам эскізу выступіла студэнтка 5-га курсу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (катэдра жывапісу) Аляксандра Прыма. Па гістарычнай частцы кансультавалі ўдзельнікі рэканструктарскай супольнасьці «Полацкі зьвяз». На фасад выяву перанесьлі ўсяго за 5 дзён майстры Яўген Сасюра (Mutus) і Сяргей Рысакоў.
Арт-праект закліканы натхняць беларускай легендарнай мінуўшчынай і адлюстроўвае філязофію амбіцыйнасьці, імпэту і здаровага азарту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За гэта бяруцца тыя, каму няма чаго губляць». Як і чаму ў Менску зьяўляюцца муралы на «патрыятычныя» тэмы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знайшлі сядзібу полацкіх князёў эпохі Ўсяслава Чарадзея. Гэта як цяперашнія «Дразды» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Слуцку ствараюць мурал з Анастасіяй Слуцкай. ВІДЭА