Паводле зьвестак ведамства, у садовым доміку двое жыхароў Полацку 65 і 64 гадоў выраблялі і рамантавалі агнястрэльную і халодную зброю. Іх затрымалі, піша «Позірк».
Канфіскавалі 6 самаробных пісталетаў, самаробную вінтоўку з прыборам для бясшумнай стральбы і прыцэльнай прыладай, чатыры пнэўматычныя вінтоўкі, порах, патроны рознага калібру. Мужчыны таксама захоўвалі вялікую колькасьць частак стралковай зброі, 19 паляўнічых нажоў саматужнай вытворчасьці, два штык-нажы да аўтамата Калашнікава.
Таксама МУС паведамляе, што знайшлі такарнае абсталяваньне, якое выкарыстоўвалася пры вырабе самаробнай зброі.
СК завёў крымінальную справу за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў (арт. 295 КК). Яе санкцыя прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня свабоды.
Сілавікі пэрыядычна паведамляюць аб знаходжаньні арсэналаў са зброяй.
17 красавіка стала вядома, што ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) затрымалі 27-гадовага мясцовага жыхара, які прыцягнуў увагу як «актыўны ўдзельнік дэструктыўных тэлеграм-каналаў», паведаміла прэс-служба МУС.
Пры аглядзе месца яго жыхарства знайшлі вялікую колькасьць стралковай зброі і боепрыпасаў: пісталеты, кулямёты, гранаты, патроны, а таксама сродкі сувязі і халодная зброя. Увесь арсэнал канфіскаваны і накіраваны на экспэртызу. Мужчына прызнаўся, што займаецца чорным капальніцтвам і калекцыянуе зброю.
23 лістапада 2023 году МУС паведамляла, што ў затрыманай у вёсцы Вялікі Лес (Крупскі раён) «злачыннай групы» падчас ператрусу знойдзены «вялікі арсэнал халоднай, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Гаворка ішла пра 62-гадовага мужчыну і двух ягоных сыноў, аднаго зь якіх сілавікі паранілі падчас затрыманьня, ужыўшы болевую зброю.
Па выніках апошняй апэрацыі «Арсэнал», якая праводзілася ў Беларусі 9-13 кастрычніка мінулага году, канфіскавана больш за 1,5 тыс. адзінак зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Новай Зэляндыі ўпершыню выкупляюць зброю ў насельніцтва