Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што былы прэзыдэнт краіны і цяперашні кандыдат на пасаду Дональд Трамп валодае імунітэтам ад судовага перасьледу за любыя афіцыйныя дзеяньні, якія ён распачаў падчас знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта, каб пазьбегнуць паразы на перавыбарах у 2020 годзе. Пры гэтым ён ня мае імунітэту за дзеяньні неафіцыйнага характару.
Вярхоўны суд ЗША даў судам ніжэйшых інстанцый права вырашаць, у якіх выпадках Трамп можа быць прыцягнуты да адказнасьці.
Рашэньне, прынятае ў апошні дзень бягучага тэрміну паўнамоцтваў суду, практычна гарантуе, што Трампа ня будуць судзіць у справе аб спробе захопу ўлады ў 2020 годзе да сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў лістападзе 2024 году, піша «Голас Амэрыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн запэўнівае донараў, што яму пад сілу перамагчы на выбарахТрамп пракамэнтаваў рашэньне суду.
«Вялікая перамога для нашай Канстытуцыі і дэмакратыі. Ганаруся тым, што я амэрыканец!» — напісаў ён у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Дзейны прэзыдэнт ЗША і супернік Трампа на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, што пройдуць у лістападзе, Джо Байдэн раскрытыкаваў пастанову Вярхоўнага суду. Ён заявіў, што яна стварае «небясьпечны прэцэдэнт».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан прывітаў пастанову. Ён адзначыў, што гэта «перамога былога прэзыдэнта Трампа і ўсіх будучых прэзыдэнтаў і яшчэ адна параза Міністэрства юстыцыі прэзыдэнта Байдэна і Джэка Сьміта». А вось лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр заявіў, што рашэньне Вярхоўнага суду — «сумны дзень для дэмакратыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн у дэбатах з Трампам заявіў, што калі Расея пераможа Ўкраіну, будуць рызыкі для Беларусі і Польшчы