Спэцыялізаваны орган ААН — Міжнародны саюз электрасувязі (ITU) — асудзіў сэрыю інцыдэнтаў, зьвязаных з умяшаньнем Расеі ў працу спадарожнікавых сыстэм эўрапейскіх краін, і заклікаў спыніць гэтае ўмяшаньне, піша Reuters.
На мінулым тыдні ITU разглядаў шэраг скаргаў ад Украіны і чатырох краін Эўрапейскага зьвязу — Францыі, Нідэрляандаў, Швэцыі і Люксэмбургу — на ўмяшаньне Расеі у працу спадарожнікавых сыстэм за апошнія месяцы.
У прыватнасьці, інцыдэнты заглушылі сыгналы GPS, паставілі пад пагрозу кіраваньне паветраным рухам, спынілі трансьляцыю дзіцячых тэлеканалаў.
У заяве ITU сказана, што перабоі ў працы францускай і швэдзкай спадарожнікавых сетак, «падобна, адбыліся ад наземных станцый, разьмешчаных у раёнах Масквы, Калінінграду і Паўлаўкі».
ITU заклікае Расею неадкладна спыніць свае дзеяньні і расьсьледаваць інцыдэнты. Арганізацыя таксама заклікала да сустрэчы паміж пацярпелымі краінамі і Расей, каб вырашыць гэтыя выпадкі і перадухіліць іх паўтарэньне.
Раней Эстонія, Латвія і Літва абвінавацілі Расею ў пэрыядычных перашкодах сыгналу GPS.
Па ацэнках экспэртаў, за апошнія месяцы з прычыны перашкод GPS пацярпелі дзясяткі тысяч цывільных авіярэйсаў. У прыватнасьці, 25 і 26 красавіка два самалёты авіякампаніі Finnair, якія рухаліся з Хэльсынкі ў Тарту ў Эстоніі, былі вымушаныя вярнуцца ў аэрапорт вылету з прычыны такіх перашкод. Праз праблемы з сыгналам GPS фінская авіякампанія Finnair з 29 красавіка па 31 траўня спыніла палёты ў эстонскі горад Тарту.
У сакавіку выданьне The Times паведаміла, што Расея магла заглушыць GPS-сыгнал самалёта Каралеўскіх вайскова-паветраных сіл Вялікай Брытаніі, на якім міністар абароны Грант Шапс вяртаўся з Польшчы на радзіму. Па зьвестках журналістаў, сыгнал GPS адсутнічаў прыкладна 30 хвілін, калі самалёт Dassault 900LX Falcon пралятаў над Балтыйскім морам каля Калінінградзкай вобласьці.