Дзяржаўную падтрымку атрымаюць у першую чаргу тыя аддзяленьні Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) Польшчы, «якія штодня бяруць на сябе найбольшую нагрузку па супрацьдзеяньні дэстабілізацыі, дэзынфармацыі, кібэратакам і выведніцкай працы ў краіне, арганізаванай Расеяй і Беларусьсю», заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.
Паводле інфармацыі польскіх СМІ, кіраўнік ураду сказаў пра гэта 1 ліпеня ў Жэшаве (Прыкарпацкае ваяводзтва), абвяшчаючы пра аднаўленьне 1 ліпеня дзейнасьці закрытых сем гадоў таму аддзяленьняў ABW.
«Мы ўжо гаворым пра гэта адкрыта, таму што апошнім часам зьявілася занадта шмат такіх падзей і фактаў, каб маглі ўзьнікаць якія-небудзь сумневы адносна таго, хто стаіць за гэтымі спробамі дэстабілізацыі», — сказаў Туск.
Рашэньне ліквідаваць 10 аддзяленьняў ABW прыняла ў жніўні 2017 году Бэата Шыдла, якая тады займала пасаду прэм’ер-міністра. На яе загад былі закрытыя аддзелы ў Быдгашчы, Кракаве, Лодзі, Ольштыне, Аполі, Радаме, Жэшаве, Шчэціне, Уроцлаве і Зялёнай Гуры. Пасьля гэтага ў структуры ABW засталося пяць падразьдзяленьняў: у Беластоку, Гданьску, Любліне, Катавіцах і Варшаве.
Паводле інфармацыі польскіх СМІ, 1 ліпеня аднаўляецца праца закрытых раней аддзелаў і адкрываецца новы — у Познані.
Пра выдзяленьне 100 млн злотых (25,2 млн даляраў) на ўмацаваньне Агенцтва ўнутранай бясьпекі і Агенцтва выведкі Польшчы з рэзэрву прэм’ер-міністра і аднаўленьне прадстаўніцтваў ABW Туск паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве 14 траўня.
4 чэрвеня ў Польшчы распачала працу Камісія па расьсьледаваньні расейскага і беларускага ўплыву, якую ўзначальвае кіраўнік службы контравыведкі генэрал Ярослаў Стружык. Камісія будзе займацца пэрыядам з 2004 па 2024 год. Першая справаздача аб яе працы, згодна з рэглямэнтам, павінна быць прадстаўленая на працягу 60 дзён.
Камісія па расьсьледаваньні расейскага ўплыву афіцыйна створаная летась з ініцыятывы былой кіруючай партыі «Закон і справядлівасьць» (PiS). 29 лістапада 2023 году яна прадставіла частковую справаздачу, у якой рэкамэндавала не давяраць дзяржаўныя пасады палітычным апанэнтам PiS — цяперашнім прэм’еру Туску, кіраўніку МУС Томашу Сямоняку і шэрагу іншых асоб. Пасьля гэтага Сэйм распусьціў камісію.
Абмеркаваньне тэмы ўплыву Менску і Масквы вярнулася, калі ў Беларусь уцёк цяпер ужо былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт, які цяпер працуе ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА.