Ультраправая партыя Марын Ле Пэн «Нацыянальнае абʼяднаньне» заняла першае месца ў першым туры парлямэнцкіх выбараў у Францыі з вынікам 33,4%, піша Le Parisien са спасылкай на апублікаваныя Міністэрствам унутраных спраў дадзеныя апрацоўкі бюлетэняў.
Гэта важны, але не вырашальны посьпех – лёс 501 з 577 месцаў у парлямэнце вызначыцца ў другім туры, які адбудзецца 7 ліпеня.
Па выніках першага туру ад «Нацыянальнага абʼяднаньня», паводле папярэдніх падлікаў, выбраныя 39 дэпутатаў, у тым ліку Марын Лё Пэн. Другое месца заняў левы блёк «Новы народны фронт» (32 дэпутаты) з 27,98% галасоў, трэцяе – кааліцыя прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта Эманюэля Макрона з вынікам 20,76% (два дэпутаты). Усяго ў першым туры было выбрана 76 дэпутатаў. Рэшта дэпутацкіх мандатаў вызначыцца па выніках другога туру.
Паводле апошніх звестак, яўка выбарнікаў дасягнула 66,71% і стала рэкордам для выбараў такога тыпу з 2002 году, адзначае Le Parisien.
Паводле прагнозаў інстытута Ipsos, «Нацыянальнае аб'яднаньне» можа атрымаць ад 230 да 280 месцаў з 577 у парлямэнце. Гэта значыць, што для абсалютнай большасьці (289 месцаў) партыі Марын Лё Пэн, калі прагнозы пацьвердзяцца, ня хопіць усяго некалькіх мандатаў.
Што заявілі лідэры
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і яго саюзьнікі пачалі тыдзень інтэнсіўнай агітацыі перад другім турам выбараў у заканадаўчы орган. У сваёй заяве Макрон заклікаў да «шырокага» альянсу супраць ультраправых.
«Надышоў час для шырокага, відавочна дэмакратычнага і рэспубліканскага альянсу для другога туру», — сказаў ён, дадаўшы, што высокая яўка ў першым туры гаворыць пра «важнасьць гэтага галасаваньня для ўсіх нашых суайчыньнікаў і жаданьне высьветліць палітычную сытуацыю».
Прэм’ер-міністар краіны Габрыэль Аталь заявіў, што «ультраправыя стаяць ля дзьвярэй улады». Ён назваў «катастрафічнымі» палітычныя абяцаньні «Нацыянальнага аб’яднаньня» і заявіў, што ў другім туры выбараў гэтая палітычная сіла «не павінна набраць ніводнага голасу».
Марын Лё Пен, чыя партыя выйшла ў лідэры ў першым туры выбараў, заявіла, што «нічога ня выйграна і другі тур зьяўляецца вырашальным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На парлямэнцкіх выбарах у Францыі рэкорд яўкі за апошнія амаль 40 гадоўУ той жа час у Парыжы пасьля першых вынікаў парлямэнцкіх выбараў тысячы людзей выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць ультраправых.
Ультраправае «Нацыянальнае аб’яднаньне», якім раней кіравала Марын Лё Пэн, а цяпер Жардан Бардэль, у лідэрах пасьля першага туру выбараў, а цэнтрысты Макрона занялі трэцяе месца пасьля левай кааліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці атрымае Францыя парлямэнт з абсалютнай большасьцю ўльтраправых?Другі тур выбараў у Францыі адбудзецца 7 ліпеня. У Францыі 577 мажарытарных акруг на выбарах у парлямэнт.