У суботу амэрыканскі прэзыдэнт наведаў сэрыю мерапрыемстваў па зборы сродкаў на выбарчую кампанію ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі, дзе ён выказаўся ў абарону свайго выступу падчас прэзыдэнцкіх дэбатаў на тэлеканале CNN. Байдэн прызнаў, што той вечар ня стаў для яго вельмі ўдалым. «Зрэшты, як і для Трампа», — дадаў ён. Адначасова Джо Байдэн падкрэсьліў, што мае намер выйграць выбарах у лістападзе.
Выступленьне 81-гадовага прэзыдэнта на першых прэзыдэнцкіх дэбатах у чацьвер выклікала занепакоенасьць у многіх дэмакратаў, піша «Голас Амэрыкі». Адзначалася, што Байдэн не заўсёды мог давесьці да канца сваю думку, часам з цяжкасьцю шукаў словы, блытаўся ў адказах. Такія яго паводзіны заахвоцілі рэдакцыю The New York Times заявіць у пятніцу, што цяперашняму прэзыдэнту варта выйсьці з гонкі, і што заставацца ў ёй было б «безразважнай авантурай».
Сярод тых, хто палічыў выступ Байдэна на дэбатах ня вельмі ўдалым, былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратаў Нэнсі Пэлосі. Былая памочніца Джо Байдэна па камунікацыях Кейт Бэдынгфілд назвала тое, што адбылося, «сапраўдным расчараваньнем».
Джо Байдэн у адказ на гэтыя ацэнкі, заявіў, што разумее занепакоенасьць, але абяцае «змагацца больш упарта». Першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн у пятніцу падзялілася з прыхільнікамі камэнтарыем свайго мужа, зробленым у асабістай гутарцы зь ёй пасьля дэбатаў. Байдэн сказаў, што «ня ведае, што адбылося, але ён адчуваў сябе не вельмі добра». Раней прадстаўнікі перадвыбарчага штаба Байдэна адзначалі, што прэзыдэнт выйшаў на дэбаты прастуджаным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн у дэбатах з Трампам заявіў, што калі Расея пераможа Ўкраіну, будуць рызыкі для Беларусі і ПольшчыПрадстаўнікі кампаніі Байдэна прызналі, што яго перадвыбарная сустрэча з Дональдам Трампам прайшла ня так, як штаб разьлічваў, але кіраўнік Белага дома зараз не мае намеру саступаць месца іншаму кандыдату.
Сам Дональд Трамп празь некалькі гадзін пасьля дэбатаў заявіў прыхільнікам, што лічыць мінулыя дэбаты «вялікай перамогай» сваёй кампаніі. «Праблема Джо Байдэна не ў яго ўзросьце», — сказаў 78-гадовы Трамп, дадаўшы, што праблема заключаецца ў тым, што Байдэн «вельмі некампэтэнтны». Трамп ужо ня першы раз гаворыць пра некампэтэнтнасьць Байдэна. Сярод прыхільнікаў Байдэна, у сваю чаргу, гучаць ацэнкі, што экс-прэзыдэнт Трамп стварае пагрозу для амэрыканскай дэмакратыі.
Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў ЗША заплянаваныя на 5 лістапада. Былы прэзыдэнт Дональд Трамп — меркаваны кандыдат у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў. Кандыдатуру Байдэна павінен фармальна зацьвердзіць зьезд дэмакратаў у жніўні.