Двое замежных грамадзян прыгавораныя судом у Менску за «арганізацыю незаконнай міграцыі» (ч. 2 арт. 371-1 Крымінальнага кодэксу), паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».
Адзін з абвінавачаных асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі са штрафам у памеры 500 базавых велічынь (20 000 руб.), другі — на 3,5 года са штрафам 300 б. в. (12 000 руб.).
Грамадзянства асуджаных не называецца.
Згодна з матэрыяламі справы, яны «ўваходзілі ў злачынную групу», «садзейнічаючы за ўзнагароджаньне незаконнаму знаходжаньню» ў Беларусі ня менш за 60 мігрантаў.
«У далейшым плянаваўся іх выезд у краіны Эўразьвязу ў парушэньне ўстаноўленага парадку і па-за пунктамі пропуску празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў публікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і краіны Балтыі заклікаюць Эўразьвяз пабудаваць лінію абароны на мяжы з Расеяй і Беларусьсю«Удзельнікі злачыннай групы распрацавалі мэханізм незаконнай міграцыі — падзялілі паміж сабой ролі, падбіралі і фармавалі групы зь нелегальных мігрантаў, арганізоўвалі іх незаконны ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя падшуквалі ім месца часовага жыхарства, зьбіралі зь іх грошы», — паведаміла памочніца пракурора Першамайскага раёну Менску Юлія Лугаўская.
У Беларусі замежнікі, як заяўлялася, сумесна зь мясцовым жыхаром шукалі месцы для часовага пражываньня мігрантаў і бралі зь іх грошы — «плату за пражываньне ў суме ня менш за 10 даляраў ЗША з чалавека за суткі». Таксама паведамлялася, што «замежныя грамадзяне разьмяшчаліся па 11 адрасах у Менску».
У Беларусі час ад часу затрымліваюць мігрантаў, але сілавыя органы не перашкаджаюць знаходжаньню нелегалаў у памежнай зоне і іх спробам перасячэньня мяжы з суседнімі краінамі ЭЗ.
З пачатку чэрвеня 2024 году Літва, Польшча і Латвія спынілі больш за 4 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаў Эўразьвязу неаднаразова заяўлялі, што беларускія сілавікі нават дапамагаюць мігрантам незаконна прарывацца празь дзяржаўную мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Польшчы: Зь беларускага боку мяжы дзейнічаюць не мігранты, а орды бандытаў