Адразу некалькі выбухаў з удзелам тэрарыстак-самагубцаў адбыліся ў Нігерыі. Невядомыя абвязалі сябе выбухоўкай. Яны падарвалі сябе ў людных месцах у правінцыі Борна на паўночным усходзе краіны — у тым ліку на вясельлі, у лякарні і на пахавальнай цырымоніі.
Як паведамляюць мясцовыя ўлады, загінулі ня менш як 18 чалавек, у іх ліку дзеці і цяжарныя жанчыны. Параненыя 48 чалавек. Паводле ацэнак нігерыйскай прэсы, колькасьць ахвяр можа быць вышэйшай і набліжацца да 30.
Мясцовае агенцтва надзвычайных сытуацый паведаміла, што ўсе выканальніцы выбухаў былі жанчынамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нігерыі экстрэмісты вызвалілі ўсіх 287 выкрадзеных са школы дзяцейНі адна з радыкальных груповак, якія дзейнічаюць у рэгіёне, пакуль ня ўзяла на сябе адказнасьць за выбухі. У правінцыі ідуць вышуковыя мерапрыемствы, уведзена камэнданцкая гадзіна.
У нігерыйскай правінцыі Борна больш за 15 гадоў адбываюцца гвалтоўныя акты, выкліканыя ісламісцкай групоўкай «Бока харам». Яна рэгулярна ўчыняе напады, перш за ўсё на школы, і выкраданьні людзей, перш за ўсё дзяўчынак. «Бока харам» лічаць, што жанчыны не павінны атрымліваць адукацыі. Акрамя таго, у Борна актыўная групоўка «Ісламская дзяржава заходняй Афрыкі».
Змаганьне ўладаў з ісламістамі пакуль не дае добрых вынікаў. Урадавыя войскі не заўсёды кантралююць сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узброеная групоўка ў Нігерыі скрала яшчэ амаль 90 чалавек