Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла рэзалюцыю, якая прызнае дзеяньні Расеі генацыдам украінскага народу. Пра гэта паведаміў член украінскай парлямэнцкай дэлегацыі Паўло Фралоў у сваім тэлеграм-канале.
Рэзалюцыю прынялі ў дзень адкрыцьця летняй сэсіі ў Бухарэсьце.
Паўло Фралоў падкрэсьліў, што рэзалюцыя вызначае дэкалянізацыю Расеі «неабходнай умовай для ўстанаўленьня моцнага міру».
Агулам у рэзалюцыі 70 пунктаў, яна цалкам яшчэ не апублікаваная на рэсурсах АБСЭ. Асноўныя пункты ў пералічэньні ўкраінскага прадстаўніка такія:
- заклік да ўсіх 53 краін-удзельніц АБСЭ прыкладаць намаганьні для дэакупацыі Крыму і ўсіх акупаваных тэрыторый Украіны шляхам падтрымкі Формулы міру і Крымскай плятформы;
- заклік да дзяржаў АБСЭ стварыць Спэцыяльны трыбунал для прыцягненьня Расеі да адказнасьці за злачынствы, учыненыя ў ходзе вайны супраць Украіны, правесьці на міжнародным і нацыянальным узроўнях расьсьледаваньне масавых зьверстваў, забойстваў, катаваньняў, згвалтаваньняў войскам Расеі;
- неабходнасьць хуткага запуску мэханізму выкарыстаньня замарожаных расейскіх актываў на карысьць Украіны, краінам АБСЭ прапануецца далучацца да Пагадненьня аб Міжнародным Рэестры стратаў, прычыненых Украіне агрэсіяй Расеі;
- прэзыдэнцкія выбары 2024 году ў Расеі прызнаюцца падтасаванымі і такімі, якія падрываюць легітымнасьць усёй выбарчай сыстэмы РФ;
- падтрымка стварэньня Міжнароднай кааліцыі па вяртаньні ўкраінскіх дзяцей, а таксама забесьпячэньне вызваленьня ўкраінскіх ваеннапалонных і цывільных асоб;
- заклік забараніць імпарт расейскага звадкаванага газу ў Эўразьвяз, рээкспарт і транзыт праз парты ЭЗ.
Сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ стартавала 29 чэрвеня і працягнецца да 3 ліпеня. Нагадаем, што дэлегацыю афіцыйнага Менску не дапусьцілі на сэсію. У адказ на гэта Палата прадстаўнікоў Беларусі заявіла, што румынскія ўлады «наўмысна сарвалі» ўдзел дэлегацыі Беларусі «адмовай ва ўезьдзе на тэрыторыю Румыніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыю афіцыйнага Менску не дапусьцілі на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Румыніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве паказалі, у якім стане вяртаюцца з Расеі ўкраінскія палонныя