Суразмоўца Ганны Соўсь — стваральніца перасоўнай выставы «Беларускі мартыралёг», якая толькі вярнулася з Турыну і Капэнгагену, дзе ініцыятыва «Хрысьціянская візія» арганізавала шэраг імпрэзаў, прысьвечаных беларускім палітвязьням. Ксіша Анёлава расказвае, як узьнікла ідэя першага партрэту, каго было найцяжэй маляваць, чаму яна выкарыстоўвае шпалеры і як былыя палітвязьні рэагуюць на свае выявы.
Глядзець відэа размовы цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі з мастачкай:
Ксенія Ангелава, творчы псэўданім Ксіша Анёлава. Нарадзілася ў Менску, скончыла тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Акторка, радыёвядоўца, мастачка. Мае дваіх дзяцей. З 2011 году займаецца іканапісам. Працы Ксеніі ўпрыгожваюць храмы Беларусі, Украіны, Расеі, Грузіі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы. З лістапада 2020 году малюе партрэты беларускіх палітзьняволеных.
— Як узьнікла ідэя першага партрэта?
— Першым быў партрэт Рамана Бандарэнкі. Быў унутраны покліч працягваць. Я для сябе адзначыла, што калі ён ня можа больш маляваць, то я прымаю гэтую эстафэту. Адразу нарадзіўся ўнутраны зарок Богу, што буду працягваць. Палітвязьняў ужо столькі, што гэта не на адно жыцьцё. Канешне, я іх усіх ня здолею намаляваць. Мне проста ня хопіць жыцьця. Але я буду працягваць, пакуль я дыхаю. Прабачце за патас, але за чатыры гады гэта стала ладам жыцьця.
— Чаму вы малюеце партрэты палітвязьняў на шпалерах? Які тут сымбаль, канцэпцыя? Дзе столькі розных шпалераў бэрэце?
— Канцэпцыі тут больш, чым шпалераў. Хто нарадзіўся пры Савецкім Саюзе, то памятае, што ў нас на сьценах былі шпалеры. Гэта нейкае адмысловае вяртаньне палітвязьняў дадому. Бо я малюю яшчэ і на посьцілках (раблю здымкі посьцілак і на іх малюю). Гэта яшчэ такая фронда турэмнай шэрасьці. Шпалеры тут закліканыя адцягваць увагу ад болю, бо гэта ўжо пераасэнсаваны боль. Так атрымалася, што абраз — гэта стылізацыя, і ніколі ня прыйдзе ў галаву адмовіцца ад гэтай стылізацыі, каб быць бліжэй да рэалізму. Так і мае стылізаваныя партрэты. Гэта іншае вымярэньне. На жаль, не як з абразамі — вымярэньне нейкага раю, добрых анёлаў, а вымярэньне турэмнае, апраметная.
— Я заўважала, што вашы партрэты зьяўляюцца вельмі хутка пасьля таго, як становіцца вядома пра арышт ці прызнаньне палітвязьнем. Колькі часу займае партрэт і які арыгінал вам для яго патрэбны?
— Хутка зьяўляюцца, бо я пільна сачу на праваабарончых сайтах. Малюю я хутка. Я адчуваю такую трывогу, калі ў мяне дзень прайшоў, а партрэт не намаляваны. Гэта мой боль. Гэта 2D, гэта плоская выява. Калі б я малавала, напрыклад, ваш партрэт, мы б сустрэліся і я б адчувала гэтыя 3D, разумела характар. А тут даводзіцца амаль з MAC-шотаў гэта рабіць. Здымкі благой якасьці, і чалавека я ня ведаю. Таму я сышла ў гэтую стылізацыю. Ня будзе фатаграфічнага падабенства, але людзі, якія выйшлі і ўбачылі свае партрэты, вельмі ўдзячныя. Яны мне сьведчаць, што я схапіла характар і схапіла нешта галоўнае. Мне гэта вельмі да душы. Мне ня хочацца нікога прымушаць глядзець на боль, толькі пераасэнсаваны ўжо. Глядзіце, яны ўсьміхаюцца. Гэта позірк у будучыню, калі ўсе будуць вольнымі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.