Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над Цімурам Рызапурам распачнецца новы суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі).
Справу будзе разглядаць судзі Натальля Панасенка.
Цімура Рызапура затрымалі 30 верасьня 2020 года ў Берасьці. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумавымі кулямі пяць разоў: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу. Пазьней яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» паводле ч. 2 арт. 293 КК.
Цімуру прызначылі 4,5 года зьняволеньня. Гэты тэрмін ён спачатку адбываў у наваполацкай калёніі. Адміністрацыя калёніі рэгулярна зьмяшчала яго ў штрафны ізалятар, а потым перавяла ў ПКТ. Пазьней яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму нумар 4.
Цімура на волі чакаюць жонка і трое непаўнагадовых дзяцей.
Ягоны адрас: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Цімур Набіевіч Рызапур.