Як заявіў 28 чэрвеня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, Украіна вярнула з палону 10 чалавек. Ён падзякаваў Ватыкану і Аб'яднаным Арабскім Эміратам за пасярэдніцтва ў рыхтаваньні вызваленьня людзей.
«Яшчэ пяць цывільных, якія былі захопленыя на тэрыторыі Беларусі і пазбаўленыя свабоды: Мікалай Швец, Натальля Захаранка, Павал Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава. Усе яны ўжо вызваленыя і дома — ва Ўкраіне», — напісаў Зяленскі.
Што вядома пра вызваленых зь Беларусі
- Мікалая Швеца затрымалі ў сакавіку 2023 году ў справе аб падрыве расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Паводле КДБ, ён нібыта спрабаваў учыніць тэракт па заданьні СБУ.
- Натальля Захаранка — жыхарка Чарнігава, якую абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Украіны» і ў сакавіку 2024 году прызначылі ёй 9 гадоў зняволення.
- Павал Купрыенка — 55-гадовы ўкраінец, якому ў сакавіку 2023 прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «агентурную дзейнасьць».
- Людмілу Ганчарэнку асудзілі «за агентурную дзейнасьць» у студзені 2023 году. Прысуд Гомельскага абласнога суду ня быў вядомы грамадзкасьці.
- Кацярына Бруханава жыла ў Беларусі з 2016 года, працавала перакладніцай з кітайскай мовы.
У кастрычніку 2023 года ёй прысудзілі 2,5 года калёніі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Яна нібыта адправіла ў СМІ два відэа з расейскай вайсковай тэхнікай.
Падрабязна: Грамадзянку Ўкраіны асудзілі на 2,5 гады за здымкі расейскай вайсковай тэхнікіУкраіне таксама перададзеныя намесьнік старшыні Мэджлісу крымскататарскага народу Нарыман Джэлял, затрыманы ў Крыме ў 2021 годзе, двое сьвятароў Украінскай грэка-каталіцкай царквы, затрыманыя ў Бярдзянску, і дзьве цывільныя асобы, якія былі ў палоне з 2017-2018 гадоў.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны апублікаваў відэа сустрэчы вызваленых грамадзян Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «з палёгкай даведалася, што пяць палітычна асуджаных украінскіх грамадзян вызваленыя ў Беларусі і шчасна адпраўленыя дадому».
На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х палітык падзякавала прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму і «ўсім, хто працаваў над тым, каб гэта стала магчымым».
«Мы павінны вызваліць больш за 1.400 беларусаў, якіх усё яшчэ ўтрымліваюць у якасьці палітычных зьняволеных, многіх зь іх — за падтрымку Украіны», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка вітаў вызваленьне 5 палітвязьняў-украінцаў і заявіў:
«Мы падкрэсьліваем, што ў зьняволеньні застаюцца яшчэ некалькі грамадзян Украіны, асуджэньне якіх зьвязана з рэалізацыяй імі правоў і свабод і ў тым ліку абумоўлена вайной, якая ідзе ва Ўкраіне. Мы таксама нагадваем пра дзясяткі беларусаў і беларусак, адвольна асуджаных у сувязі з іх антываеннай пазыцыяй або падтрымкай барацьбы Украіны з расейскай агрэсіяй. Вызваленьню гэтых людзей павінны і, як мы бачым, могуць спрыяць украінскія ўлады».