Пуцін: Расея павінна аднавіць вытворчасьць ракет сярэдняй далёкасьці

Савецкая ракета сярэдняй далёкасьці СС-4

Расея павінна аднавіць вытворчасьць ракет сярэдняй і меншай далёкасьці наземнага базаваньня і затым прыняць рашэньні аб тым, дзе іх разьмяшчаць.

Пра гэта заявіў на нарадзе з чальцамі Рады бясьпекі РФ у пятніцу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ён спаслаўся на разьмяшчэньне ЗША сваіх ракет «у розных рэгіёнах сьвету», сказаўшы, што яно «выклікае занепакоенасьць і патрабуе рэакцыі».

«Мяркуючы па ўсім, нам трэба пачаць вытворчасьць гэтых ударных сыстэм і затым, зыходзячы з рэальнай сытуацыі, прымаць рашэньні аб тым, дзе — калі гэта спатрэбіцца для гарантаваньня нашай бясьпекі — іх разьмяшчаць», — цытуе Пуціна агенцтва ТАСС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: чаму будзе няпроста прадказаць магчымы ядзерны ўдар Расеі

Гаворачы аб ЗША, ён згадаў аб тым, што Злучаныя Штаты прывозілі падобныя ракеты на вучэньні ў Данію, а таксама на Філіпіны. Аб плянах разьмясьціць пускавыя ўстаноўкі для ракет сярэдняй далёкасьці на Філіпінах раней заяўлялі амэрыканскія вайскоўцы, адзначаючы, што гэта паслужыць умацаваньню рэгіянальнай стабільнасьці.