«Польшча атрымала 100% таго, што мы закладалі, калі гаварыць пра абаронныя праекты, якія тычацца бясьпекі. Спрэчка была вельмі гарачая: упершыню я бачыў сытуацыю, калі Францыя і Нямеччына разам спрачаліся за рашэньні, а ўсе астатнія лідэры падтрымалі пазыцыю Польшчы ў пытаньні гэтых ключавых абаронных праектаў», — прыводзіць Белсат словы прэм’ера Польшчы.
Туск удакладніў, што гаворка ідзе найперш пра два польскія праекты, адзін зь якіх — «купал, шчыт, абарона эўрапейскага неба», праект агульнай СПА — рыхтаваўся разам з грэкамі.
«Рэч у тым, каб Эўропа, а не асобныя дзяржавы, узяла на сябе адказнасьць за бясьпечнае неба над Эўропай, — зазначыў палітык. — Я ўпершыню магу з поўнай упэўненасьцю сказаць, што Польшчы ўдалося мабілізаваць практычна ўсе іншыя краіны, і мы прасунулі нашую ідэю. Нават французы, якія першапачаткова разам зь немцамі трымаліся насьцярожаных пазыцыяў, урэшце пагадзіліся, што Эўропе патрэбная салідарнасьць і супольнае фінансаваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Польшчы: Зь беларускага боку мяжы дзейнічаюць не мігранты, а орды бандытаўДругі праект — «Шчыт Усход», спалучаны з ініцыятывай краінаў Балтыі пабудаваць лінію абароны Балтыйскага мора. Туск прадставіў на саміце гэты праект як сумесны з балтыйскімі краінамі.
«Тут таксама была падобная спрэчка, і нам удалося прасунуцца ў такіх жа маштабах», — адзначыў прэм’ер-міністар Польшчы.
Напярэдадні саміту ЭЗ Польшча і краіны Балтыі зьвярнуліся да партнэраў з прапановай узяць удзел у фінансаваньні будаўніцтва абароннай лініі на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы Беларусі і Польшчы пачала дзейнічаць буфэрная зона