У Іране адкрыліся выбарчыя ўчасткі для галасаваньня грамадзян на датэрміновых выбарах прэзыдэнта, прызначаных пасьля гібелі папярэдняга кіраўніка дзяржаве Ібрагіма Раісі ў выніку крушэньня верталёта.
У выбарах удзельнічаюць шэсьць кандыдатаў — яны мелі менш за тры тыдні на перадвыбарную агітацыю.
Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, 61 мільён з 83,5 мільёна грамадзян Ірану маюць права голасу. Аднак, паводле апошніх апытаньняў, больш за 30 мільёнаў іранцаў заявілі, што ня хочуць галасаваць. Назіральнікі тлумачаць гэта расчараваньнямі, якія выклікалі палітычныя рэпрэсіі супраць апанэнтаў, а таксама эканамічны крызіс і няўдалыя спробы правядзеньня рэформаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране апублікавалі першую справаздачу пра крушэньне верталёта з прэзыдэнтамХто прэтэндуе на пасаду
Сярод прэтэндэнтаў — 58-гадовы Саід Джалілі, якога называюць прыхільнікам «жорсткай лініі і прадстаўніком ультракансэрватыўнага лягеру». Як нагадала выданьне DW, у свой час ён быў кіраўніком канцылярыі духоўнага лідэра Іраку аяталы Алі Хамэнэі, а таксама кіраўніком дэлегацыі Ірану на перамовах аб ядзернай праграме.
Згодна зь першымі сацыялягічнымі апытаньнямі, Джалілі апярэджваў усіх сваіх супернікаў.
Але ў апошнім апытаньні лідэрам быў ужо прыхільнік больш памяркоўнага курсу Масуд Пэзэшкіян, за якога гатовыя былі прагаласаваць каля чвэрці рэспандэнтаў. Ён у часе прэзыдэнцтва Махамада Хатамі ачольваў у 2001–2005 гадах Міністэрства здароўя Ірану. У 2021 годзе ён ужо падаваў заяўку на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, але тады Рада вартавых яе адхіліла (згодна з заканадаўствам Ірану, кандыдатаў на прэзыдэнта зацьвярджае Рада вартавых канстытуцыі, у склад якой уваходзяць 12 ісламскіх сьвятароў і юрыстаў. — РС).
Дазвол Пэзэшкіяну на ўдзел у выбарах экспэрты расцэньваюць як частку стратэгіі Рады вартавых, каб забясьпечыць максымальную яўку на ўчасткі. Сярод патэнцыйнага электарату экс-кіраўніка Міністэрства здароўя расчараваныя прыхільнікі рэформаў. У часе выбарчай кампаніі Масуд Пэзэшкіян крытыкаваў палітыку ўладаў што да абавязковага нашэньня жанчынамі хіджабу. «Я абяцаю, што спыню адпаведныя дзеяньні паліцыі на вуліцах датычна нашых дачок і сясьцёр», — заявіў ён 23 чэрвеня на перадвыбарным мітынгу ў Тэгеране.
Ён таксама заклікаў да аднаўленьня даверу паміж магчымым памяркоўным урадам і насельніцтвам краіны. Прыхільнікі Пэзэшкіяна бачаць у ім апошні шанец пазьбегнуць дамінаваньня прыхільнікаў жорсткай лініі, спадзеючыся, што страх перад перамогай прадстаўнікоў кансэрватыўных сіл, такіх як Джалілі, прывядзе на ўчасткі і тых іранцаў, якія спачатку не зьбіраліся галасаваць.
Сярод удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі Саід Джалілі і сьпікер парлямэнту Махамад Багер Галібаф зьяўляюцца самым моцнымі кандыдатамі ад кансэрватыўнага лягеру. Згодна з апытаньнем блізкага да ўладаў тэгеранскага інстытуту ISPA, апублікаванымі 23 чэрвеня, Пэзэшкіяна гатовы падтрымаць 24,4% выбарнікаў, Джалілі — 24%, Галібафа — 14%. За кожнага з трох іншых кандыдатаў — менш за 5 %.
Для перамогі кандыдат павінен атрымаць як мінімум 50% плюс адзін голас ад агульнай колькасьці тых, хто прагаласаваў. Калі гэтага не адбудзецца, у другім туры выбараў 5 ліпеня возьмуць удзел два кандыдаты, якія атрымалі найбольшую падтрымку ў першым туры.
У Іране прэзыдэнт не зьяўляецца кіраўніком дзяржавы, а выконвае абавязкі кіраўніка ўраду. Рэальную ўладу канцэнтруе ў сваіх руках духоўны лідэр, 85-гадовы аятала Алі Хамэнэі. Ён мае вырашальны ўплыў на Раду вартавых Канстытуцыі, якая вызначае ўдзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Такім чынам, іранцы могуць выбраць прэзыдэнта толькі з той групы прэтэндэнтаў, якіх вызначае Рада вартавых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранская праваабаронца Шырын Эбадзі: «Сьмерць прэзыдэнта Раісі азначае, што ён пазьбегне суду за свае злачынствы»