Колькасьць маладога насельніцтва Беларусі (ад 14 да 30 гадоў) на 1 студзеня 2024 году склала 1 млн 628 тыс. 339 чалавек — на 16 948 менш, чым годам раней (1 млн 640 тыс. 287; мінус 1%), сьведчыць аналіз дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
За пяць гадоў (з 2019-га) колькасьць моладзі скарацілася на 235 161 чалавека (1 млн 858 тыс. 500; мінус 12,7%).
Паводле зьвестак Белстату, колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2024 году склала 9 млн 155 тыс. 978 чалавек. На пачатак 2023-га — 9 млн 200 тыс. 617 (мінус 0,5%), 2019-га — 9 млн 429 тыс. 257 (мінус 2,9%).
У гарадах жыве 1 млн 346 тыс. 619 маладых грамадзян (82,7%), на вёсцы — 281 720 (17,3%). На 1 студзеня 2023-га суадносіны былі 82,4% на 17,6%.
Моладзевы лідэр сярод рэгіёнаў краіны — Менск: тут на пачатак гэтага году жыло 394 959 маладых людзей.
- Каля 500–600 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году паводле стану на пачатак 2024 году. Да такой высновы ў траўні 2024 году прыйшоў незалежны сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, абапіраючыся на даступныя статыстычныя зьвесткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў 2020 году Беларусь пакінула каля 6-7% насельніцтва краіны, — сацыёляг Коршунаў