У Менскім гарадзкім судзе на 5 з паловай гадоў калёніі асудзілі 24-гадовую настаўніцу гімназіі Дарʼю Хмяльніцкую. Прысуд вынесьлі 29 красавіка, але пра вынік праваабаронцам «Вясны» стала вядома толькі цяпер.
Палітзьняволеную абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і ч. 2 арт. 361-3 КК («Фінансаваньне ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне»). Справу разглядала судзьдзя Алена Ананіч.
Вядома, што пасьля заканчэньня філфаку БДУ Дарʼя пайшла працаваць у беларускамоўную гімназію №23 у Менску, дзе калісьці сама вучылася. Таксама яна паступіла ў магістратуру філфаку БДУ.
Пад вартай яе ўтрымліваюць з 16 кастрычніка 2023 году. 16 чэрвеня Дарʼя ў зьняволеньні адзначыла свой 24-ы дзень нараджэньня.