Авіякампанія «Белавія», нягледзячы на санкцыі, ня мае праблем з запаснымі часткамі і гарантуе бясьпеку палётаў, заявіў у этэры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-1» заявіў гендырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.
Пры гэтым ён сказаў, што «ня будзе раскрываць схему»:
«Мы ставім тыя ж самыя запчасткі ў самалёты, якія ставілі там і два, і тры, і пяць гадоў таму. Нічога, у гаражах вырабленага, мы ня ставім. Безумоўна, гэта ўсё тыя ж запчасткі, кампанэнты цалкам арыгінальныя. Як мы гэта робім — гэта іншае пытаньне. Наколькі нам гэта стала даражэй, наколькі зьмянілася лягістыка — гэта іншыя пытаньні. Але для спажыўца, для пасажыра самае галоўнае — гэта бясьпека, гэта бясьпечна на 100%. Нічога ў гэтым пляне не памянялася», — сказаў Чаргінец.
Яго словы пацьвердзіў кіраўнік Дэпартамэнту авіяцыі Мінтрансу Беларусі Ігар Голуб. Ён запэўніў, што «гэта ўсё пад строгім кантролем».
«У нас хапае камплектных і запасных частак, запасных інструмэнтаў, іншых. У нас усяго гэтага хапае», — сказаў Голуб.
Раней у супольнасьці былых сілавікоў Беларусі ByPol заяўлялі, што запчасткі для самалётаў «Белавія» здымаюць з суднаў, якія ў гэты момант не лятаюць, ці ж заказваюць з трэціх краін. Пры гэтым абсталяваньне прыходзіць без суправаджальных дакумэнтаў.
Раней Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксэмбургу разгледзеў пазоў авіякампаніі «Белавія» супраць Рады Эўрапейскага зьвязу, у якім пазоўнік патрабаваў зьняць зь яго санкцыі.
Суд адмовіўся здымаць санкцыі і пастанавіў, што «Белавія» мусіць аплаціць судовыя выдаткі.
Усе ранейшыя спробы беларускіх бізнэсоўцаў, чыноўнікаў і прадпрыемстваў апратэставаць санкцыі ў Эўрапейскім судзе скончыліся беспасьпяхова. Адзіным выключэньнем стала ААТ «Белшына».
Санкцыі супраць «Белавія»
- 2 сьнежня 2021 году, пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманьнем блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянкі РФ Соф’і Сапегі, Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі супраць «Белавія» 2 сьнежня 2021 году.
- Цяпер «Белавія» ня можа лятаць у эўрапейскія краіны і ЗША, яе самалёты ня могуць пралятаць над гэтымі краінамі.
- ЗША таксама прыпынілі пагадненьне аб авіязносінах зь Беларусьсю.
- У лютым 2023 году турэцкая кампанія Havaş адмовілася запраўляць і абслугоўваць самалёты з Расеі, Беларусі і Ірану (у прыватнасьці, Boeing і Airbus), аснашчаныя больш як на 25% дэталямі амэрыканскай вытворчасьці. Самалёты трапілі пад абмежаваньні Міністэрства гандлю ЗША, уведзеныя вясной 2022 году ў адказ на вайну, распачатую Расеяй супраць Украіны.
- 14 сакавіка Міністэрства мытні і гандлю Турэччыны канчаткова ўвяло забарону на абслугоўваньне самалётаў, вырабленых у ЗША, якія належаць беларускай кампаніі «Белавія». Забарона датычыць 9 самалётаў.
- 9 жніўня 2023 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускай авіякампаніі «Белавія».
- У канцы 2023 году было вядома, што «Белавія» выконвае рэгулярныя рэйсы ў 21 аэрапорт 10 дзяржаў, заявіў 25 кастрычніка намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» запусьціць яшчэ адзін рэйс у Туркмэністан ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: У «Белавія» скарачаюць важных спэцыялістаў праз палітыку