Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікалі Эўрапейскі зьвяз пабудаваць лінію абароны ўздоўж мяжы блёку з Расеяй і Беларусьсю, каб абараніць ЭЗ ад ваенных пагрозаў і іншых зламысных дзеяньняў з боку Масквы.
У лісьце кіраўнікам ЭЗ Урзулі фонд дэр Ляен і Шарлю Мішэлю лідэры чатырох краінаў, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю, заявілі, што праект, накіраваны на абарону 27 краін блёку з насельніцтвам у 450 мільёнаў чалавек. Для праекту таксама спатрэбіцца фінансавая падтрымка ўсіх членаў.
«Стварэньне сыстэмы абарончай інфраструктуры ўздоўж вонккавай мяжы Эўразьвязу з Расеяй і Беларусьсю задаволіць вострую і тэрміновую неабходнасьць абароны ЭЗ ад ваенных і гібрыдных пагрозаў», — гаворыцца ў лісьце чатырох лідэраў, зь якім азнаёмілася Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Польшчы: Зь беларускага боку мяжы дзейнічаюць не мігранты, а орды бандытаўГібрыдныя пагрозы адносяцца да спалучэньня ваенных і неваенных, а таксама схаваных і адкрытых сродкаў, уключаючы дэзынфармацыю, кібэратакі, эканамічны ціск і незаконны перавоз мігрантаў празь межы. У лісьце адзначаецца, што маштаб і кошт гэтых сумесных намаганьняў патрабуюць «мэтанакіраваных дзеяньняў ЭЗ для іх палітычнай і фінансавай падтрымкі».
Краіны лічаць, што плянаваньне і будаўніцтва лініі абароны на ўсходняй мяжы ЭЗ павінны ўзгадняцца з NATO і яго ваеннымі патрабаваньнямі.
Некаторыя дыпляматы ЭЗ ацэньваюць кошт будаўніцтва такой лініі абароны ўздоўж 700-кілямэтровай мяжы ЭЗ з Расеяй і Беларусьсю прыкладна ў 2,5 мільярда эўра (2,67 мільярда даляраў). Эўрапейскія інвэстыцыі ў абарону і яе фінансаваньне стануць адной з галоўных тэмаў для абмеркаваньня лідэраў ЭЗ на саміце.
Ліст чатырох краінаў будзе абмяркоўвацца на двухдзённым саміце Эўразьвязу ў Брусэлі 27-28 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя будзе вяртаць уцекачоў з усходу назад у Расею