27 чэрвеня — першы раўнд тэледэбатаў Байдэна і Трампа

Дональд Трамп і Джо Байдэн, каляж Associated Press

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і экс-прэзыдэнт Дональд Трамп рыхтуюцца да прызначанага на чацьвер першага раўнду тэледэбатаў.

Пра гэта піша «Голас Амэрыкі».

«Я мяркую, што рыхтуюся да гэтага ўсё жыцьцё... Мы зробім усё вельмі добра», — сказаў Трамп у інтэрвію Newsmax.

«У лістападзе жыхары Джорджыі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, памятаючы, што прэзыдэнт Байдэн клапоціцца пра іх, а махляр Дональд Трамп клапоціцца толькі пра сябе», — заявіла прадстаўніца Нацыянальнага дэмакратычнага камітэту Джэкі Буш.

Зараз, паводле сацыялягічных апытаньняў, Трамп мае невялікую перавагу. Імаверна, што вынікі выбараў вырашаць літаральна некалькі соцень тысяч галасоў.

Тэледэбаты 27 чэрвеня пройдуць на тэлеканале CNN у Атланце. Іх працягласьць складзе 90 хвілінаў.

Другі раўнд заплянаваны на 10 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Трамп забясьпечылі сабе вылучэньне кандыдатамі на прэзыдэнта ЗША ад сваіх партыяў

Спрэчкі вакол фігуры Трампа ў значнай ступені зьвязаныя зь яго рыторыкай, а таксама з заведзенымі на яго крымінальнымі справамі.

Байдэн правёў тыдзень у Кэмп-Дэвідзе, заняты падрыхтоўкай да дэбатаў. Мяркуецца, што ён будзе імкнуцца прадставіць Трампа непрыдатным для прэзыдэнцкай пасады, нагадваючы выбарнікам аб тым, што экс-прэзыдэнт прызнаны вінаватым у фальсыфікацыі спраўных дакумэнтаў.

Трамп сустракаецца з выбарнікамі на мітынгах. Памочнікі заклікаюць яго засяродзіцца на сваіх дасягненьнях у сфэры эканомікі і змаганьня са злачыннасьцю.

Праблемай для Байдэна зьяўляецца пытаньне аб бясьпецы на мяжы з Мэксыкай. Трамп абяцае змагацца з наплывам нелегальных мігрантаў з гэтай краіны, зьвяртаючыся да масавай дэпартацыі, і неаднаразова нагадвае аб забойствах, якія ўчыняюцца мігрантамі. Амэрыканскія СМІ паведамляюць, што Трамп, як чакаецца, запросіць у Атланту сваякоў ахвяраў гвалту з боку мігрантаў, хаця самыя дэбаты пройдуць без гледачоў.

У сераду адміністрацыя Байдэна абвясьціла, што дзякуючы новым абмежаваньням колькасьць нелегальных мігрантаў, якія перасякаюць мяжу, дасягнула самага нізкага ўзроўню больш як за тры гады.