Пра гэта паведамляе Euronews.
Лідэры шасьці краінаў ЭЗ, якія выступаюць у якасьці перамоўнікаў ад асноўных цэнтрысцкіх партый, заключылі папярэднюю дамову аб разьмеркаваньні найвышэйшых пасадаў пасьля нядаўніх выбараў у Эўрапарлямэнт.
Паводле дамоўленасьці, на сваёй пасадзе на другі тэрмін на наступныя 5 гадоў застанецца кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Пасаду вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі зойме дзейная прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас. Цяпер пасаду галоўнага дыплямата ЭЗ займае Жузэп Бурэль.
Новым старшынём Эўрапейскай Рады (цяпер на гэтай пасадзе Шарль Мішэль) стане былы прэмʼер-міністар Партугаліі Антонію Кошта.
Нягледзячы на паведамленьне пра дамоўленасьць, афіцыйна кандыдатуры на гэтыя пасады павінны быць зацьверджаныя на саміце ЭЗ. Ён адбудзецца ў чацьвер 27 чэрвеня.
Разам з тым фон дэр Ляен яшчэ спатрэбіцца падтрымка Эўрапарлямэнту. Устаноўчае пасяджэньне новага складу заканадаўчага органа ЭЗ пройдзе ў Страсбургу ў сярэдзіне ліпеня.