За апошнія 12 месяцаў беларуская эканоміка страціла больш за 38 тысяч работнікаў

Працаўнік. Ілюстрацыйнае фота

На 12 чэрвеня на сайце Дзяржаўнай службы занятасьці апублікавана 158 473 вакансіі.

У беларускай эканоміцы ў траўні 2024 году было занята 4 млн 112,2 тысячы чалавек – на 0,4% менш (-16,9 тыс.), чым у студзені, і на 0,9% менш, чым у траўні 2023 году (-38,5 тыс.)

Пра гэта сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

Сёлета ў студзені ў эканоміцы было занята 4 млн 129,1 тыс. чалавек, лютым — 4 млн 132,9 тыс., сакавіку — 4 млн 137,8 тыс., красавіку — 4 млн. 126,5 тыс. чалавек.

За студзень–красавік 2024 году з розных прычын звольнілі на 3,1 працэнта работнікаў больш, чым нанялі — 200 611 супраць 180 196.

У студзені 2023 году ў беларускай эканоміцы былі занятыя 4 млн 172,9 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 172,4 тыс., сакавіку — 4 млн 175,9 тыс., красавіку — 4 млн 163,8 тыс., траўні — 4 млн 150,7 тыс., чэрвені — 4 млн 148,1 тыс., ліпені — 4 млн 147 тыс., жніўні — 4 млн 151 тыс., верасьні — 4 млн 137,9 тыс., кастрычніку — 4 млн 143,3 тыс., лістападзе — 4 млн 140,5 тыс., сьнежні — 4 млн 140,1 тыс.

Узровень беспрацоўя, разьлічаны ў адпаведнасьці з мэтадалёгіяй Міжнароднай арганізацыі працы (фактычнае беспрацоўе), у першым квартале 2024 году зьнізіўся на 0,2 працэнтнага пункта ў параўнаньні з чацьвёртым кварталам 2023-га — з 3,5 да 3,3%, сьведчыць аналіз зьвестак Белстату па выніках выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У IT-сфэры Беларусі больш як 1000 звальненьняў за месяц, — devby.io