На сайце электронных таргоў «БелЮрЗабеспячэнне» выставілі на продаж з аўкцыёну чарговую маёмасьць, якая належыць палітвязьню Віктару Бабарыку, — зямельны ўчастак з лазьняй у вёсцы Мачаны, заўважыла выданьне «Люстэрка». Таргі павінны прайсьці 31 ліпеня.
Выставілі на аўкцыён участак плошчай 0,75 га ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёну (каля 20 км ад МКАД). Ён прызначаны для вядзеньня асабістай гаспадаркі. Зямля знаходзіцца ў водаахоўнай зоне вадасховішча Вяча.
На ўчастку разьмешчана лазьня з тэрасай.
Маёмасьць была арыштаваная сьледзтвам, судовым выканаўцам накладзена забарона на ажыцьцяўленьне рэгістрацыйных дзеяньняў. Даўжніком лічыцца Віктар Дзьмітрыевіч Бабарыка.
Пачатковая цана для таргоў складае 152 695 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маёмасьць Віктара Бабарыкі зноў выставілі на аўкцыён- Маёмасьць Віктара Бабарыка пачалі прадаваць у 2021 годзе. З малатка пайшоў арыштаваны аўтамабіль Ford Fiesta.
- Таксама выстаўлялі на таргі аптычны прыцэл, які належыць палітыку, і долі ў статутным капітале трох кампаніяў — «Прыватызінг», «Прававы дыялёг» і «Сыстэмы апрацоўкі інфармацыі». Сёлета ў верасьні прадалі 7 наручных храномэтраў Бабарыкі.
- Экс-старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка 12 траўня 2020 году заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Да моманту рэгістрацыі кандыдатаў Бабарыка быў ужо затрыманы. У рэгістрацыі яму адмовілі на падставе інфармацыі з Камітэту дзяржкантролю.
- 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд вынес прысуд, Бабарыка атрымаў 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, арганізаваным групай, а таксама ва ўчыненьні фінансавых апэрацыяў са сродкамі, атрыманымі заведама злачынным шляхам. Віктар Бабарыка на судзе сваёй віны не прызнаў.