«Пацьвярджаю салідарнасьць і падтрымку ЭЗ усіх, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь», — напісаў Жузэп Бурэль пасьля сустрэчы на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.
Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы сустрэчу з Бурэлем, адзначыла ягоную салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
«Беларусь была, ёсьць і будзе на парадку дня ЭЗ, а будучыня Беларусі — у Эўропе», — пераказала Ціханоўская словы Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу.
«Не магу з гэтым не пагадзіцца. Эўропа — гэта тое месца, якому мы належым, і мы проста хочам вярнуцца дадому», — заявіла яна.
A pleasure to meet again with Sviatlana @Tsihanouskaya. I conveyed my appreciation for the work of the democratic forces under her leadership & reconfirmed the EU’s solidarity and support for those striving for a free and democratic Belarus. pic.twitter.com/5EbyY8Hyw8
— Josep Borrell Fontelles (@JosepBorrellF) June 25, 2024
25 чэрвеня ў Брусэлі адбылося трэцяе паседжаньне Кансультацыйнай групы Эўразьвязу і беларускіх дэмакратычных сіл.
На паседжаньні групы абмяркоўвалася палітычная сытуацыя ў Беларусі, правы чалавека і прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, падтрымка афіцыйным Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны, праблемы палітвязьняў, пытаньні легалізацыі і мабільнасьці беларусаў і іншае.
Таксама ў сталіцы Бэльгіі 25 чэрвеня прайшло нефармальнае акрыцьцё новага офісу Місіі дэмакратычнай Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімер Астапенка падчас адкрыцьця офісу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі
Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове адзначыла, што «тут, у самым сэрцы Брусэля, у беларусаў ёсьць свой дом. Гэта месца, дзе беларусы могуць размаўляць на сваёй мове, прадэманстраваць сваю культуру, паспрачацца пра палітыку, не баючыся, што за імі прыйдзе КДБ.
Гэта прастора свабоды, дзе рады кожнаму і няма месца нянавісьці, тыраніі і несправядлівасьці».
Яна падзякавала Фляндрыі ў асобе прысутнага міністра-прэзыдэнта Ямбона:
«Гэта прастора не зьявілася б без дапамогі нашых сяброў з Фляндрыі. На працягу многіх гадоў Фляндрыя падтрымлівала наш дэмакратычны рух, культурныя і грамадзянскія ініцыятывы і давала нам голас на міжнароднай арэне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі праходзіць сустрэча Кансультацыйнай групы Эўразьвяз — Беларусь