Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у сваю чаргу адзначыў, што перамовы, якія пачаліся, — гэта пачатак працяглага працэсу, які запатрабуе істотных рэформаў.
Па словах прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, распачатыя перамовы дазваляюць казаць аб тым, што краіна абавязкова будзе паўнапраўным сябрам Эўразьвязу.
«Я дзякую ўсім, хто падтрымлівае Ўкраіну на гэтым шляху», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце прэзыдэнта.
Раней СМІ пісалі, што для Кіева і Брусэлю важна афіцыйна пачаць працэс перамоваў да 1 ліпеня, калі старшынёўства ў Радзе ЭЗ пяройдзе да Вугоршчыны, якая лічыцца дзяржавай, якая найбольш сымпатызуе Расеі — сябрам ЭЗ і блякуе большасьць рашэньняў Эўразьвязу па Ўкраіне.
Будапэшт, у прыватнасьці, заяўляў, што Кіеў зрабіў недастаткова для абароны правоў вугорскай меншасьці ва Ўкраіне. Гэтую праблему змаглі зьняць з дапамогай кампраміснай фармулёўкі аб правах нацменшасьцяў у рамачным пагадненьні.
Віцэ-прэм’ер у пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына, якая ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю на перамовах аб уступленьні ў ЭЗ, пацьвердзіла гатоўнасьць Украіны выканаць 11 патрабаваньняў Вугоршчыны па абароне правоў нацыянальных меншасьцей.
Патрабаваньні Будапэшту да Ўкраіны ў канцы студзеня падчас візыту ў Ужгарад перадаў кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта.
Сёньня ж перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз пачала і Малдова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Малдова пачынаюць перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз