У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі і захоўваецца пагроза страты незалежнасьці, таму рэжым Аляксандра Лукашэнкі трэба «пазбавіць рэсурсаў», заявіў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павел Латушка на трэцім пасяджэньні кансультацыйнай групы Эўразьвязу і беларускіх дэмакратычных сілаў.
Сустрэча праходзіць 25 чэрвеня ў Брусэлі.
«Беларускі народ павінен мець суб’ектнасьць. І менавіта ў інтарэсах беларусаў, а не рэжыму, трэба адкрыць мяжу для звычайных грамадзян і закрыць для тавараў», — цытуе Латушку ягоны тэлеграм-канал.
Перакрыцьцё паставак, на думку палітыка, дазволіць скараціць даходы, за кошт якіх фінансуецца «злачынная дзейнасьць рэжыму», і «кротна павялічыць ціск на дыктатара».
«Важна пашыраць магчымасьці для атрыманьня візаў беларусамі, каб яны мелі больш магчымасьцяў наведваць Эўропу, а ня „рускі сьвет“. Падтрымка грамадзянскай супольнасьці — галоўны ўклад у найважнейшы суб’ект, які выступае за незалежную, свабодную і дэмакратычную Беларусь. Частка грамадзтва — інстытуты дэмакратычных сілаў — альтэрнатыва рэжыму і ўнікальная зьява для Эўропы, яны патрэбныя сёньня і для будучага транзыту ўлады», — сказаў Латушка.
На пасяджэньні кансультацыйнай групы абмяркоўваюцца палітычная сытуацыя ў Беларусі, правы чалавека і прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, падтрымка афіцыйным Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны, праблема палітвязьняў, пытаньне легалізацыі і мабільнасьці беларусаў і іншыя тэмы.
Акрамя Латушкі, у сустрэчы бяруць удзел дэмакратычны лідэр і кіраўнік АПК Сьвятлана Ціханоўская, яе намесьнік Валеры Кавалеўскі (па замежных справах), прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, кіраўнік апарату кабінэта Валерый Мацкевіч.
З боку ЭЗ — прадстаўнікі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, камісарыятаў — па ўнутраных справах, добрасуседзтве і пашырэньні, а таксама іншых структураў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі праходзіць сустрэча Кансультацыйнай групы Эўразьвяз — БеларусьШто такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.