Другая палата папярэдняга вядзеньня Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе выдала ордэры на арышт ранейшага міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі Валерыя Герасімава за «меркаваныя міжнародныя злачынствы, учыненыя прынамсі з 10 кастрычніка 2022 году да, па меншай меры, 9 сакавіка 2023 году».
Згодна з афіцыйным паведамленьнем суду, Шайгу і Герасімаў нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы ў выглядзе абстрэлаў цывільных аб’ектаў, нанясеньне празьмернай шкоды цывільным асобам, а таксама злачынствы супраць чалавечнасьці.
«Палата дасудовага расьсьледаваньня мяркуе, што існуюць дастатковыя падставы лічыць, што абодва падазраваныя нясуць адказнасьць за ракетныя ўдары, нанесеныя расейскімі ўзброенымі сіламі па ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры з 10 кастрычніка да, як мінімум, 9 сакавіка 2023 году», — адзначаецца ў паведамленьні суду.
Судзьдзі, якія вынесьлі адпаведнае рашэньне, таксама мяркуюць, што Сяргей Шайгу і Валерый Герасімаў «наўмысна прычынілі моцныя пакуты або сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні, а таксама шкоду псыхічнаму або фізычнаму здароўю, і таму нясуць крымінальную адказнасьць за злачынства супраць чалавечнасьці і іншыя нялюдзкія дзеяньні, як гэта вызначана ў артыкуле 7(1)(k) Рымскага статуту».
Два ордэры на арышт выдалі паводле хадайніцтваў пракуратуры. Абгрунтаваньне зьместу адпаведных рашэньняў выдадзена пад грыфам «сакрэтна», каб абараніць сьведак і гарантаваць бясьпеку расьсьледаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі заявілі, што Пуцін можа пазьбегнуць арышту ў выпадку ягонага прыезду на наступны Саміт міру17 сакавіка 2023 году Другая палата папярэдняга вядзеньня Міжнароднага крымінальнага суду выдала ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах, зьвязаных з выкраданьнем украінскіх дзяцей. Крэмль гэтыя абвінавачаньні адкідае.
Пасьля гэтага рашэньня Расея разарвала дачыненьні зь Міжнародным крымінальным судом і абвясьціла ў вышук старшыню і судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду, якія выдалі ордэры на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе адкрылася канфэрэнцыя аб меркаваных ваенных злачынствах Расеі ва Ўкраіне