На патрабаваньне Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК) была скасаваная закупка дзяржаўным прадпрыемствам легкавых аўтамабіляў. Спэцыялісты КДК выявілі, што апэрацыя ажыцьцяўляецца з парушэньнем заканадаўства.
КДК Віцебскай вобласьці даведаўся, што абласны філіял РУП «Белтэлекам» абвясьціў працэдуру закупкі 6 легкавых аўтамабіляў. Яна рабілася за кошт уласных сродкаў для замены цяперашніх легкавікоў.
Пры гэтым, як адзначае КДК у сваім паведамленьні, высьветлілася, што аўтамабілі, якія, згодна з дакумэнтацыяй, належала замяніць, былі спраўныя і працягвалі эксплюатавацца. Акрамя таго, заканадаўства прадугледжвае, што абавязковай умовай закупкі павінна быць рашэньне арганізацыі аб адсутнасьці магчымасьці далейшага выкарыстаньня або эканамічнай немэтазгоднасьці рамонту наяўных аўтамабіляў. Аднак такога рашэньня не прымалася.
Такія дзеяньні парушалі Закон ад 26.06.2023 № 191 «Аб упарадкаваньні куплі і выкарыстаньня транспартных сродкаў». На прапанову дзяржаўных кантралёраў закупка легкавых аўтамабіляў на суму 345,6 тыс. рублёў была скасаваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі сьвята работнікаў Камітэту дзяржкантролю. Як яны ўдзельнічаюць у рэпрэсіях у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 388 тысяч сонечных модуляў, мэталапракатны завод. Як беларуская дзяржава забірала прадпрыемствы ў інвэстараў