24 чэрвеня Сяргей Лаўроў правёў перамовы зь беларускім калегам Сяргеем Алейнікам, 25 чэрвеня ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Лукашэнка на сустрэчы ў Менску заявіў Лаўрову, што разьлічвае на ўступленьне Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС) на саміце ў Астане, піша ягоная прэсавая служба:
«Мы вельмі спадзяёмся, што гэтай адбудзецца ў Астане. Прынамсі, мяркуючы па вашых выказваньнях апошнім часам, я бачу, што мы выканалі ўсе абавязаньні і такіх праблем што да ўступленьня Беларусі ў ШАС сёньня няма», — заявіў Лукашэнка.
Сяргей Лаўроў абяцаў Лукашэнку:
«Па Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ўсё вырашана. Усе дамоўленасьці ўжо замацаваныя. Самым першым актам саміту ў Астане будзе афіцыйнае прыняцьце Беларусі ў паўнапраўныя сябры ШАС. І ўвесь астатні саміт Беларусь будзе ўдзельнічаць нароўні з усімі астатнімі чальцамі».
Саміт ШАС пройдзе ў Астане 3 і 4 ліпеня 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што абмяркоўвалі і пра што заявілі кіраўнікі МЗС Расеі і БеларусіШто такое ШАС
- Шанхайскую арганізацыю супрацы заснавалі 15 ліпеня 2001 году лідэры Кітаю, Расеі, Казахстану, Таджыкістану, Кіргізстану і Ўзбэкістану. Яна задумвалася дзеля рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі і дзеля стварэньня ў пэрспэктыве зоны вольнага гандлю на прасторах ШАС.
- Беларусь інтэгруецца ў ШАС амаль 15 гадоў: у 2010 годзе атрымала статус партнэра арганізацыі, у 2015-м — назіральніка.
- У ліпені 2022 году Менск падаў заяўку на ўступленьне ў ШАС. У верасьні прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў паведаміў на саміце арганізацыі, што пачалася працэдура наданьня Беларусі статусу паўнапраўнага сябра.
- У ліпені 2023 году Беларусь падпісала мэмарандум аб абавязаньнях дзеля атрыманьня статусу дзяржавы — сябра ШАС. Пасьля далучэньня ўсіх дакумэнтаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Беларусь атрымае 4 штатныя пасады ў сталых органах ШАС — па дзьве ў Сакратарыяце і ў выканаўчым камітэце Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры, і будзе плаціць складкі ў бюджэт.
- Доля адлічэньняў Беларусі ў бюджэт арганізацыі будзе складаць 5,8%. Для параўнаньня, доля Індыі — 5,9%, Казахстану — 17,6%, Кітаю — 20,6%, Кіргізстану — 8,8%, Пакістану — 5,9%, Расеі — 20,6%, Таджыкістану — 6% і Ўзбэкістану — 14,6%.