Узмацненьнем мяжы на «магчымых кірунках незаконнага пранікненьня» ў Беларусь «узброеных групаў баевікоў» займаюцца ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях сілы спэцыяльных апэрацый разам з ракетнымі войскамі і артылерыяй.
Вайскоўцы таксама «адпрацоўваюць пытаньні перакрыцьця каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншых сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне».
«Для выяўленьня дывэрсійна-выведных групаў і засяроджаньня сілаў умоўнага суперніка ў цяжкадаступнай лясіста-багністай мясцовасьці выкарыстоўваюцца бесьпілётныя выведныя комплексы, якія ў рэжыме рэальнага часу перадаюць каардынаты разьлікам артылерыйскіх падразьдзелаў для нанясеньня агнявога паражэньня», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.
20 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што Ўкраіна засяроджвае на мяжы цяжкае ўзбраеньне. На наступны дзень Мінабароны аб’явіла аб раптоўнай праверцы войскаў з выхадам вайсковых частак і падразьдзелаў на палігоны і ўчасткі мясцовасьці ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.
Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны назваў дзеяньні Беларусі «актывізацыяй інфармацыйнай кампаніі па нагнятаньні напружанасьці на мяжы». Прадстаўнік украінскай памежнай службы Андрэй Дземчанка заявіў, што праверка пакуль не нясе пагрозы для Ўкраіны.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы на фоне абвастрэньня адносінаў з Захадам і вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін заявіў, што «ядзерныя вучэньні» з Расеяй будуць праходзіць пэрыядычна, але не пра ўсё будуць абвяшчаць