ЗША дадалі Беларусь у сьпіс дзяржаў, якія займаюцца гандлем людзьмі

Інсталяцыя ў Грузіі, прысьвечаная ахвярам гандлю людзьмі, архіўнае фота

У сьпісе краіны дзеляцца на чатыры розныя ўзроўні, у адпаведнасьці зь цяжкасьцю падобных злачынстваў у іх.

У сьпіс уваходзяць дзяржавы, якія займаюцца гандлем людзьмі ці датычныя да яго, пералік складае Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў.

Сёлета Беларусь трапіла ў асобны пералік тых дзяржаў, дзе да гандлю людзьмі датычны ўрад. Агулам такіх дзяржаў 13, па іх ёсьць дакумэнтальна пацьверджаная «палітыка або мадэль» гандлю людзьмі, гандлю людзьмі ў праграмах, якія фінансуюцца ўрадам, прымусовая праца ў дзяржаўных мэдычных службах або іншых сэктарах, сэксуальнае рабства ў дзяржаўных лягерах або найм ці вэрбаваньне дзяцей-салдатаў.

Гэта: Афганістан, Беларусь, М’янма, Кітай, Куба, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Расея, Паўднёвы Судан, Судан, Сырыя і Туркмэністан.

У агульным сьпісе Беларусь трапіла на 3-і ўзровень з чатырох катэгорый. Гэта краіны, якія не адпавядаюць нормам «Акту аб абароне ахвяр гандлю людзьмі» і «не прыкладаюць значных намаганьняў» для гэтага. У сваю чаргу, гэты дакумэнт суадносіцца з Палермскімі пратаколамі пра выкараненьне практыкі гандлю людзьмі.

Горш за Беларусь становішча толькі ў Гаіці, Лібіі, Емэне і Самалі, яны зьмешчаныя ў чацьвёртую катэгорыю «асобы выпадак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячыя турмы. Як улады спрашчаюць накіраваньне падлеткаў у спэцшколы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў назваў лічбу «данецкіх дзяцей», якіх вывозілі ў Беларусь з 2022 году