Адпаведнае рашэньне прынялі кіраўнікі МЗС ЭЗ. Сродкі будуць накіраваны ў Эўрапейскі фонд міру і пойдуць на закупку зброі Кіеву. Кіеў атрымае зацьверджаную суму ўжо ў ліпені. Пра гэта заявіў кіраўнік эўрапейскага зьнешнепалітычнага ведамства Жузэп Бурэль.
Па словах Бурэля, яшчэ адзін мільярд эўра Ўкраіна атрымае да канца году — на боепрыпасы, сродкі СПА і падтрымку вытворчасьці зброі.
ЭЗ прыняў рашэньне накіраваць даходы ад замарожаных расейскіх актываў на закупку зброі для Ўкраіны ў абыход меркаваньня Вугоршчыны.
Паколькі Вугоршчына ўстрымалася ад папярэдняга пагадненьня аб выдзяленьні даходаў ад заблякаваных у Эўропе расейскіх сродкаў, яна «не павінна быць часткай рашэньня аб выкарыстаньні гэтых грошай», сказаў раней Бурэль.
Разам з тым, паводле Бурэля, «адна краіна ЭЗ» працягвае блякаваць для перадачы Кіеву з Эўрапейскага фонду міру больш за 6 мільярдаў эўра. Дыплямат ня стаў удакладняць, якую менавіта краіну ён мае на ўвазе.
Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны краіны ЭЗ і «Групы сямі» замарозілі амаль палову расейскіх валютных актываў — прыкладна 300 мільярдаў эўра. Больш за 200 мільярдаў зь іх знаходзяцца ў краінах ЭЗ, пераважна на рахунках разьлікова-клірынгавай сыстэмы Euroclear.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз абышоў вэта Вугоршчыны на перадачу даходаў ад актываў Расеі