Блогера Андрэя Павука прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Берасьцейскай вобласьці.
Крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўнікоў «экстрэмісцкага фармаваньня» «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука і Вольгі Павук, а таксама іншых абвінавачаных, разглядалася ў Берасьцейскім абласным судзе. Паколькі абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой, крымінальная справа ў дачыненьні да іх разглядалася ў парадку спэцыяльнага вядзеньня.
Суд прызнаў Андрэя Павука і Вольгу Павук вінаватымі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем; зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасьці любым спосабам для заведамага забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці групай асоб па папярэдняй змове. Таксама яны нібыта вінаватыя ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці і звады; паклёпе і абразе Лукашэнкі; абразе прадстаўнікоў улады; незаконных дзеяньнях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак і інш.
Андрэю Павуку прызначана пакараньне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам памерам 5 тысяч базавых велічынь, што складае Br200 тыс., а ягонай былой жонцы Вользе Павук — у выглядзе 8 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 2,5 тыс. базавых велічынь, што складае Br100 тыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Павук пра свой завочны суд паводле 14 артыкулаў: «Гэта яны нас баяцца»На гэтым жа працэсе асудзілі Маргарыту Ляўчук, Ільлю Салянкова, Уладзіслава Наважылава за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні «Рудабельская паказуха» і ўчыненьні ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў. Ім прысудзілі тэрміны ад 6 да 8 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам ад 500 да 800 базавых велічынь (20-32 тыс. рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запыталася б Лукашэнку, ці ён шчасьлівы». Блогерка, віцэ-сьпікерка Каардынацыйнай рады Вольга ПавукБылога мужа Ляўчук, актывіста і культурнага мэнэджара Аляксандра Чахоўскага завочна асудзілі на 3 месяцы за «абразу прадстаўніка ўлады і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
Блогер Андрэй Павук, сярод іншага, вядомы сваімі званкамі беларускім чыноўнікам рознага рангу.
Аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня ў адносінах да асуджаных стала вядома ў сярэдзіне сакавіка сёлета. Сьледчы камітэт тады заявіў, што, акрамя пералічаных, абвінавачанымі ў справе таксама праходзяць палітык Яўген Вільскі, архітэктар Вадзім Дзьмітранок, былы чыноўнік Анатоль Котаў, кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач, жонка экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, кіраўніца «Беларускага жаночага фонду» Вераніка Цапкала. Аб вынясеньні ім якіх-небудзь завочных выракаў пакуль не паведамлялася.