«ПІК Свабоды». Ці закрые Польшча мяжу зь Беларусьсю? Тлумачэньне польскага экспэрта

Радаслаў Сікорскі, Руслан Шошын, каляж

Польшча разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю. Ці прыме Варшава пад увагу крытыку гэтых намераў з боку Ціханоўскай? Ці можа Польшча перакрыць таварны транзыт, які пралягае празь Беларусь? Як адрэагуе Пэкін на просьбы Польшчы паўплываць на Лукашэнку?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПІК Свабоды» адказвае журналіст газэты «Rzeczpospolita» Руслан Шошын.

— Польскі міністар замежных спраў Радослаў Сікорскі заявіў: «Улічваючы дзеяньні Беларусі, мы разглядаем магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў. Цяпер мы высьвятляем, ці шкодна гэта для эканомікі. Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй, і праблемы спыніліся». Размова ідзе толькі пра рух людзей — ці і грузаў таксама?

— Удакладненьняў не было. Але можна меркаваць, што размова ідзе пра поўнае закрыцьцё мяжы, пра закрыцьцё і пасажырскага пераходу ў Тарэспалі, і грузавых пераходаў. І пакуль няма ніякай рэакцыі з боку кіроўнай кааліцыі.

— А з боку апазыцыі?

— Таксама няма. Замежная палітыка зараз у грамадзкай увазе саступае ўнутранай палітыцы. Калі нешта важнае адбываецца на фронце ва Ўкраіне ці Расея парушае паветраную прастору Польшчы, тады гэта камэнтуюць усе. Сытуацыя на польска-беларускай мяжы выклікае менш цікавасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радослаў Сікорскі: Польшча разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю

— Фінляндыя сапраўды закрыла памежныя пераходы з Расеяй. Але нелегальныя мігранты зь Беларусі трапляюць у Польшчу не празь пераходы. Яны шукаюць абходныя шляхі ці спрабуюць прарвацца празь сьцяну. Якім чынам гэтая праблема зьнікне ад закрыцьця легальных пераходаў? Забойца Матэвуша Сітака спрабаваў трапіць на польскую тэрыторыю не праз памежны пераход.

— Я лёгіку гэтага рашэньня разумею так — скончыліся ўсе магчымыя і немагчымыя інструмэнты ўплыву на рэжым Лукашэнкі. І сёньня цалкам зачыніць мяжу — гэта адзінае, што яшчэ можа зрабіць польскі ўрад. Каналы камунікацыі з афіцыйным Менскам ужо не працуюць. Правакацыі на мяжы змушаюць польскі ўрад зрабіць хоць нешта. Зразумела, закрыцьцё пасажырскага пераходу не прывядзе да таго, што Лукашэнка скончыць правакацыі. Ягоныя сваякі праз гэтыя пераходы ня езьдзяць. Беларускія чыноўнікі ў Эўропу будуць, як і раней, лятаць праз аэрапорт у Стамбуле. Цярпець ад гэтага рашэньня будуць звычайныя беларусы. Павінны быць падзеленыя санкцыі, якія рэальна ўплываюць на рэжым, і тыя, якія балюча б’юць па звычайных беларусах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася супраць плянаў Польшчы зачыніць усе памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю

— Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ня згодная з намерам польскага боку зачыніць усе памежныя пераходы. «Мы ня можам кінуць беларусаў на волю лёсу за новай жалезнай заслонай», — напісала яна ў сацсетцы Х. Ці можа Варшава прыняць пад увагу яе крытыку і аргумэнты? Атрымліваецца ж, што ізалюецца ўся Беларусь, не адзін Лукашэнка. І выштурхоўваецца ў расейскую прастору — эканамічную, міграцыйную, гуманітарную, культурную.

— Але лёгіка такая — мы пакажам Лукашэнку, што робім радыкальныя крокі. Магчыма, у Варшаве ня ўсе разумеюць, што Лукашэнка ня вельмі пераймаецца інтарэсамі сваіх грамадзянаў. Аргумэнты беларускай апазыцыі, дыяспары ў Польшчы чуюць. Але каб гэта ўплывала, трэба, каб на гэтую тэму ў Польшчы была дыскусія, каб выказваліся лідэры грамадзкай думкі і палітыкі. Усё залежыць ад унутранага парадку дня. Галоўны аргумэнт супраць закрыцьця мяжы, які чуюць у Польшчы, — гэта лёс польскай грамады ў Беларусі. Грамадзянам Беларусі польскага паходжаньня было выдадзена больш за 150 тысячаў «картаў паляка».

Для Фінляндыі Расея — чужая краіна, грамадзяне РФ — чужыя для фінаў. І цалкам натуральна, што яны проста зачынілі мяжу. Для Польшчы Беларусь — краіна не чужая. Ёсьць сантымэнт і да беларусаў дэмакратычных поглядаў. Многія зь іх спадзяюцца на падтрымку Польшчы. Акрамя Польшчы, на працягу многіх гадоў беларускую дэмакратыю ніхто асабліва і не падтрымліваў. Вы маеце рацыю, закрыцьцё мяжы — гэта выпіхваньне Беларусі ў расейскую прастору, ператварэньне Беларусі ў другі Крым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча істотна скараціла колькасьць віз, выдаваных беларусам

— Паступае інфармацыя, што Польшча ўвяла абмежаваньні на выдачу візаў беларусам. Гэта дзеяньне ў тым жа рэчышчы? Тут варта прыгадаць і выказваньне прэмʼера Дональда Туска, што праграма іміграцыі для беларускіх айцішнікаў паспрыяла інфільтрацыі ў Польшчу агентаў беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.

— Гэта рэха палітычнай барацьбы ў Польшчы. «Грамадзянская плятформа» на чале з Тускам вельмі моцна крытыкавала візавую палітыку сваіх папярэднікаў з партыі «Права і справядлівасьць» (ПіС).Быў вялікі скандал, абвінавачаньні, што прыцягвалі ў Польшчу мігрантаў з краінаў «трэцяга сьвету». І ў выніку ўсё зьмяшалі ў адну кучу — і гэтыя парушэньні, і беларускіх імігрантаў. Афёра, якая была зьвязаная з зусім іншымі краінамі, адбілася і на беларусах. Скарачэньне візаў для грамадзянаў Беларусі — гэта частка больш шырокай тэндэнцыі па ўпарадкаваньні візавай палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск: завоз беларускіх «айцішнікаў» у Польшчу дапамог стварыць «замежную агентуру»

У Польшчы ёсьць падтрымка таго, што робіць новы ўрад. Паводле апытаньняў, найбольшую падтрымку маюць Туск і Сікорскі. Забойства польскага салдата на мяжы зь Беларусьсю многіх узрушыла, яно было пераломным момантам. І кожны паляк сказаў: трэба нешта рабіць з гэтым Лукашэнкам і гэтай Беларусьсю. Людзі ня ведаюць, як гэта зрабіць, але ёсьць запыт на тое, каб улады нешта зрабілі. А што яны могуць зрабіць? Зачыніць мяжу. І потым скажуць грамадзтву — вы ж патрабавалі, каб мы нешта зрабілі. Мы зрабілі. Лукашэнка апошнія гады мэтанакіравана дабіваў стасункі з Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджэй Дуда заявіў, што абмяркуе зь Сі Цзіньпінам «гібрыдную атаку Беларусі на польскую мяжу»

— Сёньня ў Пэкіне адбываюцца перамовы польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды зь лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. Як патлумачыў Дуда напярэдадні візыту, з прычыны міграцыйнага крызісу зазнае абмежаваньні чыгуначны маршрут дастаўкі кітайскіх тавараў празь Беларусь у Эўропу. На што разьлічвае Дуда — на тое, што Сі націсьне на Лукашэнку і прымусіць спыніць міграцыйныя атакі на польскую мяжу?

— Так, менавіта аб гэтым размова і ідзе. Насамрэч кітайскі транзыт празь беларуска-польскую мяжу ідзе бесьперабойна. Дуда намякнуў на тое, што гэтая тэма важная ў кантэксьце міграцыйнага крызісу, і калі Лукашэнка будзе працягваць правакацыі зь мігрантамі, то гандлёвая палітыка Варшавы можа зьмяніцца. Дарэчы, сёньня Кітай увёў бязьвіз для палякаў на тэрмін да 15 дзён. Пэкін хацеў бы мець добрыя адносіны з Варшавай. Дуда сваім візытам дае зразумець Кітаю, што Польшча не зьбіраецца рабіцца ворагам КНР. Ёсьць краіны, думку якіх Лукашэнка ня можа ігнараваць. І Кітай — адна зь іх. І калі Кітай пралічыць свае інтарэсы, то ён далікатна можа папрасіць Лукашэнку спыніць правакацыі на мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заявіў, што АПК абмяркуе з Польшчай гуманітарныя калідоры для беларусаў на выпадак закрыцьця мяжы

— Намесьнік Ціханоўскай у Абʼяднаным пераходным кабінэце Павал Латушка таксама выказаўся супраць закрыцьця пасажырскіх пунктаў пропуску. Адначасна ён заклікаў закрыць усе таварныя пункты пропуску. Яшчэ на пачатку году беларускі палітык Валер Цапкала ініцыяваў пэтыцыю да ўрадаў краінаў ЭЗ — выставіць ультыматум Лукашэнку: альбо вызваленьне ўсіх палітвязьняў, альбо ЭЗ спыніць чыгуначны рух зь Беларусьсю, у тым ліку і таварны транзыт. Як вы мяркуеце, ці можа гэтая прапанова быць падтрыманая прынамсі польскім урадам? Транзыт — гэта ж і транзыт тавараў з Кітаю, пра які Дуда сёньня размаўляе зь Сі.

— З аднаго боку, здаецца, у гэтым ёсьць сэнс. Але калі мы паглядзім на лічбы, то ня надта. У 2020 годзе толькі 4% кітайскага гандлю з Эўразьвязам ажыцьцяўлялася праз чыгунку. А гэта быў і беларускі, і ўкраінскі маршруты. Сёньня ўкраінскага транзыту кітайскіх тавараў не існуе. І толькі пару адсоткаў кітайскага гандлю з ЭЗ прыпадае на транзыт празь Беларусь. Адназначна ня будзе агульнага рашэньня ў межах ЭЗ, каб спыніць гандаль з Кітаем празь Беларусь. Польшча можа прыняць такое рашэньне. Але проста выставіць ультыматум Лукашэнку, ніяк не ўлічыўшы інтарэсы Кітаю — так палітыка ня робіцца. Кітай успрыме такое рашэньне як варожы ў адносінах да сябе крок.

Для іх усе аргумэнты наконт правоў чалавека — гэта пусты гук. У Эўразьвязе ніхто не захоча ствараць дадатковую напружанасьць у адносінах з Кітаем. 96% кітайскага гандлю з ЭЗ ідзе морам. А калі Польшча перакрые астатнія 4% ці менш, Лукашэнка скажа Сі, што палякі на загад Амэрыкі зачынілі мяжу, каб насаліць Кітаю. Калі мы ня будзем тлумачыць кітайцам сытуацыю, то аргумэнты Лукашэнкі акажуцца больш пераканаўчымі. Гэтая тэма значна больш складаная, чым падаецца некаторым публіцыстам.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.