У Беларусі закрываецца яшчэ адна прыватная ВНУ — Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці (ІПД). Пра гэта піша «Зеркало».
На сайце ўнівэрсытэту паведамляецца, што рашэньне аб закрыцьці прыняло ягонае кіраўніцтва:
«Заснавальнікам і кіраўніцтвам ІПД прынятае рашэньне аб спыненьні адукацыйнай ліцэнзаванай дзейнасьці з 1 верасьня 2024 году. У сувязі з гэтым ІПД ня будзе ажыцьцяўляць прыём абітурыентаў у 2024 годзе».
У ІПД адзначылі, што для працягу навучаньня па выбранай спэцыяльнасьці ўсе студэнты будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ.
- Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці зьявіўся ў 1992 годзе з ініцыятывы Навукова-тэхнічнага таварыства будаўнікоў Беларусі. У 1993 годзе ў арандаваных клясах Беларускай політэхнічнай акадэміі, політэхнікуму і архітэктурна-будаўнічага тэхнікуму ў камэрцыйным інстытуце навучаліся 300 чалавек. На выхадзе па заканчэньні чатырох гадоў яны атрымлівалі дыплёмы мэнэджараў-камэрсантаў у розных сфэрах народнай гаспадаркі і прадпрымальнікаў у малым і сярэднім бізнэсе.
- Тыдзень таму стала вядома пра закрыцьцё іншай беларускай прыватнай ВНУ — «БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій».
- БІП — найстарэйшая прыватная ВНУ Беларусі, яе адкрылі ў 1990 годзе. Тады ўстанова называлася Менская вышэйшая юрыдычная школа Саюзу юрыстаў БССР. У тым жа 1990-м адбыўся першы набор студэнтаў, толькі на завочную форму. А праз год — і на стацыянарнае навучаньне. ВНУ стварыў навуковец Сьцяпан Сокал. Да 2004 году ён быў яе рэктарам, потым — старшынём рады, яшчэ пазьней — дарадцам рэктара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Канкурэнцыя за студэнтаў-платнікаў». Чаму ў Беларусі закрываюць прыватныя ВНУ