У Гомлі звольнілі двух анколягаў пасьля адбыцьця арышту за «экстрэмізм»

Сяргей і Вольга Івановы. Каляж

Дваіх дактароў-анколягаў, мужа і жонку Івановых, звольнілі зь дзяржаўных мэдычных устаноў у Гомлі.

Пра гэта стала вядома «Флагштоку» ад аднаго з пацыентаў. Па зьвестках выданьня, звальненьні адбыліся пасьля таго, як мэдыкаў Вольгу і Сяргея Івановых затрымалі ў траўні 2024 году і асудзілі на адміністрацыйны арышт за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя экстрэмісцкімі.

Сяргей Іваноў — вядомы і паважаны спэцыяліст у галіне пухлін галавы і шыі, кандыдат мэдычных навук, аўтар шматлікіх навуковых публікацый, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, патэнтаў на вынаходкі, мае званьне «Выдатнік аховы здароўя Беларусі». Лекар з 36-гадовым стажам (разам з пэрыядам вучобы) працаваў у абласным анкалягічным дыспансэры і на катэдры анкалёгіі Гомельскага мэдунівэрсытэту, вёў прыём у прафэсарскім кансультатыўным цэнтры ВНУ. «Флагшток» патэлефанаваў туды, каб спытаць, ці можна запісацца на прыём да спэцыяліста.

«Ён больш у нас не працуе, каля месяца дакладна не вядзе прыём. Паспрабуйце ў прыватных цэнтрах даведацца», — адказаў супрацоўнік рэгістратуры.

Жонку Сяргея Іванова, Вольгу, радыяцыйнага анколяга вышэйшай катэгорыі, таксама звольнілі, піша «Флагшток». Яна была супрацоўніцай радыялягічнага аддзяленьня гомельскага абласнога анкадыспансэру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белыя халаты»: зь віцебскага шпіталя пасьля праверкі Абельскай звольнілі галоўнага доктара і яшчэ двух супрацоўнікаў