На Валыні затрымалі ўкраінскага памежніка за перадачу Расеі інфармацыі пра сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю

Будынак СБУ ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота

За дзяржаўную здраду ва ўмовах ваеннага становішча грамадзяніну Ўкраіны пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб затрыманьні ўкраінскага памежніка, які зьбіраў інфармацыю пра Сілы абароны на мяжы зь Беларусьсю і перадаваў яе спэцслужбам Расеі.

«Зламысьнік — завэрбаваны расейскай спэцслужбай кантрактнік, кіраўнік мясцовага памежнага атраду. Паводле ўказаньняў акупантаў, „крот“ вызначаў лякацыі раёнаў умацаваньня і прыблізную колькасьць украінскіх войскаў, якія абараняюць памежжа зь Беларусьсю. Таксама ён спрабаваў перадаць каардынаты складоў з узбраеньнем і боепрыпасамі на тэрыторыі рэгіёну», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У СБУ адзначылі, што пасьля выкананьня заданьняў расейцы абяцалі яго «эвакуаваць» у Расею і прыняць на службу «у акупацыйныя групоўкі Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ заявілі пра выкрыцьцё замаху на Зяленскага і кіраўнікоў спэцслужбаў Украіны

«Служба бясьпекі загадзя перахапіла адпаведную інфармацыю і дакумэнтавала злачынныя дзеяньні фігуранта. На фінальным этапе спэцапэрацыі контравыведнікі СБУ з супрацоўнікамі атраду спэцпрызначэньня „А“ затрымалі расейскага агента паблізу месца службы», — удакладнілі ва ўкраінскай спэцслужбе.

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, украінца дыстанцыйна завэрбаваў супрацоўнік ФСБ Расеі Аляксей Дабрыцкі, які знаходзіцца ў часова акупаваным Луганску.

Датычна затрыманага завялі справу паводле ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — за дзяржаўную здраду ва ўмовах ваеннага становішча яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома прозьвішча беларускага дывэрсанта, які спрабаваў падарваць інфраструктуру Ровенскай АЭС