Кітайская кампанія адклала пастаўку электравозаў у Беларусь, бо баіцца трапіць пад санкцыі

Чыгуначны вакзал у Менску

Праз боязь трапіць пад заходнія санкцыі кітайскі вытворца цягнікоў CRRC Datong Co., Ltd. адклаў пастаўку ў Беларусь 15 грузавых электравозаў, паведамляе мэдыяпраект «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» (СЧБ).

Са спасылкай на наяўныя дакумэнты СЧБ сьцьвярджае, што кітайская кампанія павінна была паставіць электравозы ў канцы 2023 года, цяпер жа тэрміны перанесеныя на 2025–2026 гады, піша «Позірк».

Заяўляецца, што санкцыйныя рызыкі заключаюцца ў наяўнасьці ў цягніках абсталяваньня заходняй вытворчасьці.

«Да такога абсталяваньня адносяцца сілавыя трансфарматары, цягавыя электрарухавікі і пераўтваральнікі, а таксама амаль усе сыстэмы кіраваньня, дыягностыкі і маніторынгу», – гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што згаданыя вузлы CRRC Datong Co., Ltd закупляе ў Францыі, Канадзе, Швэцыі, Швайцарыі, Нямеччыне, ЗША.

Цяпер кітайскі вытворца пры ўдзеле Міністэрства камэрцыі КНР разглядае варыянты абыходу санкцый, не адмаўляючыся ад зьдзелкі з Беларускай чыгункай.

Паводле зьвестак СЧБ, для рэалізацыі кантракту кітайскі бок выдзеліў беларускай крэдыт.

СЧБ дапускае, што схема абыходу санкцый будзе распрацаваная і кітайскія электравозы даставяць у Беларусь, але гэта можа істотна павялічыць «кошт выніковага прадукту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Расеі кажуць, што Крым «абстралялі» ATACMS: 5 чалавек загінулі, 100 параненыя