Улады хочуць ліквідаваць Беларускую фэдэрацыю пэйнтбола

Удзельнікі гульні ў пэйнтбол. Ілюстрацыйнае фота.

Менскі гарадзкі суд 2 ліпеня разгледзіць заяву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская фэдэрацыя пэйнтбола», вынікае з раскладу пасяджэньняў на партале электроннага судаводзтва.

Як паведамляе «Позірк», арганізацыю заснавалі ў 2015 годзе пры ўдзеле Добраахвотнага таварыства садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флёту (ДТСААФ). Ставіла мэтай аб’яднаньне «неабыякавых да пэйнтбола людзей», пад яе эгідай праводзіліся спаборніцтвы.


Пэйнтбол – камандная гульня з ужываньнем пнэўматычнай зброі, якая страляе шарыкамі з фарбай, што разьбіваюцца пры ўдары аб перашкоду і афарбоўваюць яе.

Паводле даных праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за пэрыяд пасьля жніўня 2020 года і да канца траўня 2024-га ў Беларусі ліквідавана ня менш за 1.665 некамэрцыйных арганізацый (НКА) – аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Расеі кажуць, што Крым «абстралялі» ATACMS: 5 чалавек загінулі, 100 параненыя