Сьвятлана Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы Х адзначыла, што ня згодная з намерам польскага боку зачыніць усе памежныя пераходы.
«Падтрыманьне сувязі беларусаў з Эўропай мае вырашальнае значэньне: неабходна забясьпечыць іх мабільнасьць. Ініцыятывы па абмежаваньні памежнага руху праз працяглыя правакацыі рэжыму павінны быць нацэленыя на дыктатара, а не на народ. Мы ня можам кінуць беларусаў на волю лёсу за новай жалезнай заслонай».
Раней пра тое, што афіцыйная Варшава разглядае магчымасьць поўнага закрыцьця мяжы, выказаўся міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
«Улічваючы дзеяньні Беларусі, мы разглядаем магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў. Цяпер мы высьвятляем, ці шкодна гэта для эканомікі. Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй, і праблемы спыніліся», — заявіў Сікорскі.
Раней стала вядома, што прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візыту ў Кітай 22 — 26 чэрвеня зьбіраецца абмеркаваць са старшынём КНР Сі Цзінпінем міграцыйны крызіс на мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радослаў Сікорскі: Польшча разглядае магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю