У дарожнай аварыі пад Докшыцамі загінула двое, шэсьць чалавек у рэанімацыі, у тым ліку дзеці

Машына рэанімацыі, ілюстрацыйнае фота

Частку пацярпелых у выніку аварыі 21 чэрвеня пад Докшыцамі (Віцебская вобласьць) перавялі ў мэдыцынскія ўстановы Менска і Віцебска, паведамляе прэс-служба Міністэрства здароўя.

У менскую бальніцу хуткай мэдыцынскай дапамогі адправілі дваіх пацыентаў, у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар нэўралёгіі і нейрахірургіі — аднаго. Яны ў стабільна цяжкім стане.

Адзін пацыент пераведзены ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу, двое — у Віцебскую абласную дзіцячую бальніцу. У іх стан сярэдняй ступені цяжкасьці.


«Ва ўсіх дыягнаставалі спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, удары, ірваныя раны, ранкі», — адзначае Міністэрства здароўя.

Яшчэ адзін пацыент знаходзіцца ў хірургічным адзьдзяленьні Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

Ведамства нагадала, што ў дарожна-транспартным здарэньні пацярпела 11 чалавек, у тым ліку 8 дзяцей. Пасьля здарэньня іх даставілі ў Докшыцы, пазьней адно дзіця павезьлі ў Глыбокае.

Пяць пацярпелых — адзін дарослы і чацьвёра дзяцей — адправілі ў рэанімацыю ў цяжкім стане. На дапамогу мясцовым урачам ноччу ў раённы цэнтар прыбылі калегі з Менскай БХМД, Беларускага дзяржаўнага мэдунівэрсытэта, а таксама шэрагу РНПЦ — нэўралёгіі і нейрахірургіі, траўматалёгіі і артапэдыі, дзіцячай хірургіі.

Паводле інфармацыі сілавых структур, аварыя адбылася 21 чэрвеня ў 19:30 на 107-м кілямэтры трасы Р3 (Лагойск — Глыбокае — мяжа Латвіі). 47-гадовы вадзіцель легкавога аўтамабіля «Фольксваген Пасат» не ўступіў дарогу мікрааўтобусу «Івека Дэйлі», які перавозіў каманду дзяцей-спартоўцаў. У выніку сутыкненьня абодва транспарты апынуліся ў кювеце.

Кіроўца легкавога аўто і ягоная 36-гадовая пасажырка загінулі на месцы.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па ч. 3 арт. 317 КК (парушэньне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартам, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць двух чалавек).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году ў Беларусі адбыліся 32 аварыі з удзелам маршрутак. ДАІ анансавала праверкі