Павал Латушка зьвярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы праз праблемы закрыцьця рахункаў беларусаў у банку Santander. Адказ ён атрымаў 21 чэрвеня.
Зь яго вынікае, што дзеяньні банка не зьяўляюцца патрабаваньнем польскіх уладаў альбо эўрапейскімі санкцыямі. Рашэньні аб дадатковых патрабаваньнях да кліентаў былі прынятыя выключна па рашэньні самога банка.
Такія рашэньні залежаць ад шматлікіх фактараў, заснаваных на прынцыпах кіраваньня рызыкамі і ацэнкі рызык. Захады могуць быць зьвязаныя з фінансавай бясьпекай, у тым ліку барацьбой з адмываньнем грошай ці фінансаваньнем тэрарызму.
Камітэт фінансавага нагляду Польшчы таксама інфармуе, што кліенты могуць падаць скаргу ў сам банк, атрымаць кансультацыю па сваіх спрэчках у фінансавага амбудсмэна ці рэгіянальных амбудсмэнаў па абароне правоў спажыўцоў, а таксама ў няўрадавых арганізацыях па абароне правоў спажыўцоў.
Беларусы, якія жывуць у Польшчы, сутыкнуліся з блякаваньнем доступу да анлайн-банкінгу і мабільным дадаткам банка Santander, а таксама з замарожваньнем рахункаў. Банк патлумачыў гэта «ўнутраным дакумэнтам» і новымі правіламі. Абмежаванні закранулі тых беларусаў, якія яшчэ не атрымалі дазвол на жыхарства або чый ДНЖ заканчваецца менш чым праз год. У Польшчы стварылі петыцыю да банка з просьбай не дыскрымінаваць грамадзян Беларусі.
Група беларускіх актывістаў з польскага Гданьску склала пэтыцыю ў банк Santander і Камісію фінансавага нагляду з просьбай не дыскрымінаваць па нацыянальнай прыкмеце.
Пэтыцыю склалі пасьля таго, як банк запатрабаваў ад беларускіх кліентаў да 26 чэрвеня прад’явіць ДНЖ у Польшчы, іншай краіне ЭЗ, Эўрапейскай эканамічнай зоне ці Швайцарыі. Калі такога дакумэнту няма або яго тэрмін заканчваецца менш як праз год, кліенту абяцаюць закрыць доступ да інтэрнэт- і мабільнага банкінгу.
На думку мясцовых беларусаў, такія дзеяньні парушаюць Канстытуцыю Польшчы. Яны спасылаюцца на пункт 2 артыкулу 32, які абвяшчае, што ніхто ня можа падвяргацца дыскрымінацыі ў палітычным, сацыяльным або эканамічным жыцьці зь якой-небудзь прычыны.
Банк Santander раней пракамэнтаваў «Белсату» паведамленьне пра блякаваньне онлайн-банкінгу і мабільнай праграмы ў кліентаў — грамадзянаў Беларусі.
У банку сьцьвярджаюць, што проста выконваюць патрабаваньні заканадаўства аб супрацьдзеяньні адмываньню грошай.
Santander, трэці ў велічыні актываў і колькасьці філіяў банк у Польшчы, належыць гішпанскай кампаніі Banco Santander S.A. Банк стаў папулярным у беларусаў, бо адкрываў рахункі зь мінімумам дакумэнтаў: пашпартам зь візай і нумарам PESEL.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Індывідуальны падыход у кожным выпадку». Польскі банк пракамэнтаваў блякаваньне онлайн-банкінгу беларусам без ДНЖ