Расейскія баявыя верталёты прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня ў Менску

Расейскія баявыя верталёты Ка-52, архіўнае фота

Верталёты Ка-52 і Мі-28, якія ўжо прыбылі ў Беларусь, Расея выкарыстоўвае ў разьвязанай ёю вайне супраць Украіны.

Дзьве групы верталётаў Ваенна-касьмічных сіл Расеі прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў парадзе, які пройдзе ў Менску 3 ліпеня з нагоды Дня незалежнасьці, паведаміла прэс-служба беларускага Міністэрства абароны са спасылкай на начальніка Цэнтра падрыхтоўкі і перавучваньня лётчыкаў вайсковай авіяцыі Расеі Андрэя Папова.

Паводле яго слоў, у паветранай частцы парада прымуць удзел верталёты Ка-52 і Мі-28 усіх мадыфікацый. Гэта верталёты выведвальна-ўдарнага і ўдарнага тыпаў, якія Расея выкарыстоўвае ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны, піша «Позірк».


Раней у Беларусь з Расеі для ўдзелу ў парадзе даставілі гаўбіцы «Мста-Б» і мінамётныя комплексы 2С12 «Сані», а таксама старыя танкі Т-34 (яны ужываліся ў 1940-х гадах).

Агулам чакаецца больш за 250 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. Упершыню, паводле інфармацыі Мінабароны, у парадзе задзейнічаюць апэратыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр-М».

15 траўня намесьнік міністра абароны Беларусі Андрэй Жук паведаміў, што ў парадзе 3 ліпеня прыме ўдзел больш за 6 тысяч вайскоўцаў. Заплянаваны таксама ўдзел вайскоўцаў з Азербайджане, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Узбэкістана, Таджыкістана.

Прадстаўнікі 21 дзяржавы пацьвердзілі ўдзел у сьвяткаваньні афіцыйнага Дня незалежнасьці Беларусі 3 ліпеня.

У 1991-1996 гадах гэтае сьвята было прымеркаванае да даты прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце — 27 ліпеня. У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму галоўнае дзяржаўнае сьвята было перанесенае на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менска ад гітлераўскай акупацыі ў 1944 годзе. У гэтым годзе адзначаецца 80-я гадавіна вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпершыню ў вайсковым парадзе 3 ліпеня возьмуць удзел вайскоўцы краін СНД і Кітаю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя як зброя прапаганды. Алесь Пашкевіч пра тое, чаму Пуціна не запрасілі ў Нармандыю