Больш за 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў абвінавачваюцца ў адмове ад службы з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, пішуць журналісты «Медиазоны», якія прааналізавалі інфармацыю аб крымінальных справах на сайтах вайсковых судоў Расеі.
У артыкуле адзначаецца, што да абʼяўленьня мабілізацыі расейскіх вайскоўцаў у 2022-м практычна не перасьледавалі за адмову ад службы. А пасьля пачатку мабілізацыі — у верасьні 2022 года — колькасьць адмоўнікаў значна вырасла. Вайскоўцам тады забаранілі звальняцца, таму 90 працэнтаў тых, хто адмовіўся ад службы, абвінавачваюцца ў самавольным пакіданьні часткі.
Васьмі з паловай тысячам абвінавачаных ужо вынесьлі прысуды. Журналісты адзначаюць, што суды робяць гэта з рэкорднай хуткасьцю — каля 35 выракаў у дзень. Часьцей за ўсё вайсковы суд выносіць абвінавачаным умоўны прысуд, што дазваляе камандаваньню вяртаць іх на фронт.
Пік паступленьня ў суды крымінальных спраў аб пакіданьні службы прыпаў на травень 2024 года: на расейскіх вайскоўцаў за адзін месяц завялі 929 спраў, прычым большасьць з іх была пра самавольнае пакіданьне часткі, невыкананьне загаду і дэзэрцірства.
Падрабязнасьці аб справах супраць расійскіх вайскоўцаў тэлеканалу «Настоящее время» распавёў журналіст «Медиазоны» Давід Фрэнкель.
Паводле яго слоў, колькасьць вайскоўцаў, якія прыцягваюцца да адказнасьці, становіцца ўсё большай. Але ёсьць вялікая часовая затрымка паміж зьдзяйсьненьнем правапарушэньня, гэта значыць адмовай ад удзелу ў вайне, і паступленьнем справы ў суд, гэта можа займаць месяцы.
Самы папулярны артыкул, распавядае журналіст, — гэта самаволка. Гэта найлягчэйшы артыкул, па ім прасьцей і хутчэй за ўсё падрыхтаваць матэрыялы, і па ім найлягчэйшая санкцыя, якая дазваляе вярнуць чалавека ізноў на фронт, каб ён працягваў ваяваць, нягледзячы на сваю адмову.
Цяжэйшыя артыкулы, такія як невыкананьне загада або дэзэрцірства, сьледчым афармляць складаней, бо трэба рыхтаваць доказы. І санкцыі па іх — рэальнае пазбаўленьне волі на невялікі тэрмін — не дазваляюць вярнуць чалавека на фронт. Адпаведна, такіх справаў значна менш.
«Увесь гэты канвэер — 10 тысяч прыцягнутых чалавек — для таго, каб ніхто не адмаўляўся. А на гэты момант у Расеі немагчыма перапыніць кантракт», — кажа Давід Фрэнкель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза»: рэзэрвістам могуць забараніць выезд з Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў закон аб пакараньні за здачу ў палон і за дэзэрцірства